Старшыня Белстата Іна Мядзведзева: Вельмі люблю «Формулу-1» і нават ездзіла на некалькі этапаў

11.11.2016 / 00:57

Старшыня Белстата Іна Мядзведзева стала госцем праграмы «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь-1».

Сярод іншага, галоўны статыстык краіны расказала пра свае захапленні: футбол і гонкі «Формулы-1».

«Я сама не кірую аўтамабілем, але вельмі люблю «Формулу-1» і сачу за яе этапамі. На некалькіх нават прысутнічала, — прызналася Мядзведзева. — Што захоплівае? Пачынаючы ад рову матораў да абгонаў, усё гэта глядзіцца на адным дыханні».

Старшыня Белстата патлумачыла, што прыйшла да «Формулы-1» праз асобу Міхаэля Шумахера.

Што да захаплення футболам, гэты інтарэс перадаўся Мядзведзевай ад бацькі.

«Я заўсёды наведвала матчы зборнай Беларусі і неяк, сустрэўшы Анатоля Капскага, зразумела, што трэба заўзець і за БАТЭ», — расказала яна і ўдакладніла, што не ўмее заўзець ціха.

«Яна ведае ўсіх нашых футбалістаў. І яны таксама яе ведаюць! Можа, не ведаюць, кім яна працуе, але заўсёды з ёй адкрытыя і добразычлівыя», — пракаментаваў кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі.

ЯМ