Пяскоў адзначыў «фенаменальна» блізкія падыходы ў заявах Пуціна і Трампа
11.11.2016 / 10:24
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў распавёў, што лічыць «фенаменальна» блізкімі падыходы да знешняй палітыкі Уладзіміра Пуціна і абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Да такой высновы прадстаўнік Крамля прыйшоў, параўнаўшы выступ Пуціна на пасяджэнні клуба «Валдай» і пераможную прамову Трамп перад прыхільнікамі ў Нью-Ёрку:
«Трамп сказаў: для мяне галоўнае — гэта Амерыка і інтарэсы Злучаных Штатаў Амерыкі, але мы будзем гатовыя выбудоўваць адносіны і весці дыялог з любой краінай настолькі, наколькі гэтая краіна будзе гатова. Пуцін сказаў тое ж самае, толькі, натуральна, кажучы аб безумоўным прыярытэце для яго нацыянальных інтарэсаў Расеі».
Пры гэтым у размове з Associated Press Пяскоў распавёў, што расійскія эксперты падтрымлівалі кантакт з некаторымі прадстаўнікамі штаба Трамп падчас выбарчай кампаніі. Афіцыйны прадстаўнік Трампа ў адказ на гэта адхіліў любыя сувязі з любымі «замежнымі суб'ектамі».
«Гэта, напэўна, з'яўляецца добрай падставай для пакуль вельмі стрыманага аптымізму ў тым плане, што, па меншай меры, хоць бы пачнецца дыялог для таго, каб гэтыя «аўгіевы стайні» ў нашых двухбаковых адносінах пачаць разграбаць. Але мець ілюзіі, што ўдасца хутка вывесці адносіны на патэнцыйна высокі ўзровень — наўрад ці выпадае», — заявіў Пяскоў.