У Баранавіцкім раёне зарэгістравалі ўспышку трыхінелёзу, у бальніцы 30 чалавек

У Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці зарэгістравалі ўспышку трыхінелёзу, за два тыдні шпіталізаваныя амаль 30 чалавек, жыхары пяці вёсак. Сярод захварэлых ёсць дзеці.

11.11.2016 / 10:25

Як паведамляе тэлеканал «Беларусь 1», усе яны знаходзяцца на абследаванні і лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы. Іх стан ацэньваецца як лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці.

Высветлілася, што ўсе хворыя елі сыравяленую каўбасу падчас застолля ў вёсцы Прыазёрнае ў мясцовага паляўнічага. Прадукт быў прыгатаваны з мяса дзіка, якога ў верасні забілі два жыхары Баранавіцкага раёна. Дзіка разабралі без папярэдняй ветэрынарнай экспертызы, адзначае галоўны ўрач Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Плескацэвіч.

Эпідэміёлагі працягваюць выяўляць кола так званых «кантактных асоб», а праваахоўнікі высвятляюць, ці сапраўды жыхар вёскі Прыазёрнае з'яўляецца паляўнічым.

Даведка

Трыхінелёз — вострае захворванне, якое суправаджаецца ліхаманкай і алергічнымі праяўленнямі. Пры інтэнсіўным заражэнні можа ўскладняцца органнымі і сістэмнымі паражэннямі. Часцей развіваюцца міякардыт і пнеўманія, радзей менінгаэнцэфаліт, абдамінальны сіндром, а таксама паражэнні печані, нырак, флебіты, трамбозы буйных сасудаў.