Белстат шукае спонсараў для правядзення перапісу насельніцтва

Белстат шукае спонсара для перапісу насельніцтва, які пройдзе у 2019 годзе, паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», піша БелаПАН.

11.11.2016 / 11:24

Паводле яе слоў, калі такі спонсар знойдзецца, у анкеце могуць з'явіцца пытанні, звязаныя з вывучэннем рынку. «Натуральна, мы будзем глядзець, каб гэта было адэкватнае пытанне і ён быў цікавы для Беларусі», — сказала Мядзведзева.

Папярэдні перапіс праходзіў у 2009 годзе. Тады, адзначыла кіраўнік Белстата, перапіс аднаго чалавека каштаваў каля паўтара долара. Спонсарам выступаў Фонд ААН у галіне народанасельніцтва.

«Былі прапанаваныя сродкі для апрацоўкі перапісу. Пры гэтым спонсар не агучваў патрабаванняў па змяненні перапіснога ліста, яны не прасілі што-небудзь уключаць», — адзначыла чыноўніца.

Мядзведзева падкрэсліла, што акупіць перапіс насельніцтва немагчыма. «Інфармацыя, якая збіраецца падчас перапісу, настолькі актуальная для дзяржавы, што яе трэба ўспрымаць як агульнанацыянальны заказ», — лічыць яна.

У 2019 годзе Белстат адмовіцца ад папяровых носьбітаў: перапісчыкі будуць уносіць звесткі ў планшэт. Займацца перапісам будзе каля 14 тыс. чалавек.