Беларускі бізнэс не бачыць выгадаў ад удзелу ў інтэграцыйных працэсах ЕАЭС

12.11.2016 / 12:01

Беларускі бізнэс адзначае недастатковасць інфармацыі аб працы ў межах ЕАЭС. Пра гэта сведчаць вынікі апытання ў рамках вызначэння індэкса дзелавога аптымізму, праведзенага бізнэс-саюзамі. У апытанні ўзялі ўдзел больш за 500 прадстаўнікоў прадпрымальніцтва: індывідуальныя прадпрымальнікі, мікраарганізацыі, малыя, сярэднія і буйныя прадпрыемствы.

Як адзначыла 11 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль, упершыню ў дадатковым блоку пытанняў рэспандэнтам таксама было прапанавана вызначыць ключавыя перашкоды для ўдзелу бізнэсу ў інтэграцыйных працэсах ЕАЭС. Больш за палову рэспандэнтаў бачаць асноўную перашкоду ў недастатковай інфармаванасці аб магчымасцях для бізнэсу (52,5% рэспандэнтаў). Другі па значнасці адказ звязаны з адсутнасцю ўяўлення аб эканамічнай мэтазгоднасці такога ўдзелу (33,5%). «Бізнэс часта не бачыць выгадаў ва ўдзеле ў інтэграцыйных працэсах ЕАЭС», — адзначыла Коваль.

На думку бізнэсу, таксама назіраецца недахоп рэальнага дыялогу асоб, якія прымаюць рашэнні па еўразійскай інтэграцыі, з бізнэсам (24,4%), недахоп дыялогу паміж бізнэс-супольнасцямі краін — удзельніц ЕАЭС (20,4%), адсутнасць даверу да еўразійскай інтэграцыі (20 %), адсутнасць адзінай пазіцыі бізнэс-супольнасцяў краін — удзельніц ЕАЭС (16,9%).

Як адзначыла Коваль, у якасці прыярытэту еўразійскага інтэграцыйнага супрацоўніцтва для развіцця бізнэсу на найбліжэйшыя пяць гадоў рэспандэнты адзначылі, у першую чаргу, зняцце бар'ераў і абмежаванняў (60,6%), мэтавую падтрымку канкурэнтаздольных інтэграцыйных праектаў (30,8%), выпрацоўку сумесных стратэгій галіновага развіцця (44,8%).

«Мы бачым, што па рэйтынгу зняцце бар'ераў і абмежаванняў — асноўная прычына, якая тармозіць усіх на адзінай эканамічнай прасторы, а таксама адсутнасць адзінай прамысловай палітыкі», — патлумачыла віцэ-старшыня.

Яна таксама адзначыла, што ўпершыню было ўключана пытанне аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі бізнэс-асацыяцый і стымулявання ўнутранага попыту. Згодна з вынікамі апытання, 37,2% прадпрымальнікаў мяркуюць, што дзяржава павінна дапамагаць перспектыўным вытворцам льготнымі крэдытамі. 46,6% лічаць, што дзяржава не павінна падтрымліваць дзейнасць бізнэс-асацыяцый як партнёра ў дыялогу бізнэсу і ўлады, бо выдаткі бізнэсу трэба скарачаць за кошт зніжэння падатковай і рэгулятарнай нагрузкі для ўсіх. Яшчэ 16,2% лічаць, што дзяржава не павінна падтрымліваць дзейнасць асацыяцый, бо падзенне попыту — гэта адэкватная рэакцыя спажыўцоў на крызіс.