Сотня мінчукоў пратэставала на 20-я ўгодкі рэферэндуму-96

24 лістапада ў Мінску адбылася акцыя, арганізатарам якой выступіў былы палітвязень Мікалай Статкевіч. Нагодай для яе правядзення, як сказаў палітык, стала «20-я гадавіна ўсталявання дыктатуры ў краіне».

24.11.2016 / 19:41

«24 лістапада 1996 года ў краіне адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога была скасаваная заканадаўчая ўлада, а Лукашэнка самаўпраўна дадаў сабе 2,5 гады да тэрміна», — заявіў напярэдадні Мікола Статкевіч.

Акцыя, па задуме Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, у склад якой уваходзіць і Статкевіч, распачынае кампанію «За новыя выбары, за новую ўладу!»

18:30

Акцыя скончылася без затрыманняў і складання адміністрацыйных пратаколаў.

18:28

Прамаўляе Павел Севярынец: «Рэжым не здолее аддаць краіну Расіі, бо тут ёсць людзі, якія гатовыя бараніць незалежнасць».

18:25

Па прапанове Статкевіча абвяшчаюць хвіліну маўчання ў памяць зніклых Ганчара і Захаранкі.

18:20 

Выступае Любоў Станкевіч з Бабруйску. Кажа, што людзей дураць з прыватызацыяй. «Хопіць маўчаць».

Бярэ слова Уладзімір Някляеў. Ён кажа, што ўтрымліваць дыктатуру дапамагае сёння не толькі Расія, але і Еўрасаюз. «Гэта ўсё рухне ў адзін дзень».

18:15

Міліцыя заклікае разыходзіцца.

Статкевіч звяртаецца да людзей: «Лукашэнка скраў у нас 20 гадоў, але мы не скарыліся. Беларусь чакае, калі з'явіцца надзея, тады на плошчы выйдуць дзясяткі тысяч чалавек».

Статкевіч працягвае: «Нас чакаюць цяжкія, драматычныя часы. Калі ў нас будзе шанец памяняць уладу, то мы яго не выпусцім».

18:10

Сабралося каля сотні чалавек каля ратушы. Пад сцягамі ЕС на ганку — Статкевіч, Някляеў, Севярынец.

Зміцер Панкавец, Ірына Арахоўская, Сяргей Гудзілін, Мікіта Недаверкаў