Ад сярэдзіны снежня многія сталічныя кавярні і рэстараны будуць працаваць да 6 раніцы

У сувязі з навагоднімі карпаратывамі ад 15 снежня да 1 студзеня кавярні і рэстараны Мінска будуць працаваць кожны дзень да 6-й раніцы. Але: гэта не тычыцца ўстаноў, убудаваных у жылыя будынкі.

28.11.2016 / 12:53

Пра гэта распавёў на нарадзе ў мэрыі начальнік Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Сяргей Барысевіч, пішуць «Мінск-Навіны».

Па словах Барысевіча, 70% аб'ектаў грамадскага харчавання ўжо прынялі замовы на абслугоўванне навагодніх і калядных святаў.

«Кошт карпаратыўнага мерапрыемства складзе ад 50 рублёў на чалавека, кошт замовы ў навагоднюю ноч — ад 100 рублёў на чалавека і вышэй. Кошт дзіцячых ранішнікаў — ад 27 рублёў на чалавека і вышэй у залежнасці ад забаўляльнай праграмы», — сказаў чыноўнік.

Згодна з прынятымі замовамі, мінчане пачынаюць адзначаць зімовыя святы 15 снежня. Ад гэтай даты традыцыйна каля 25 тысяч наведвальнікаў святкуюць Каляды і Новы год у рэстаранах і кавярнях сталіцы кожны дзень.