БНФ: Толькі нелюдзь мог сплянаваць такое злачынства

Заява Партыі Беларускага Народнага Фронту з прычыны выбуху ў ноч на 4 ліпеня ля стэлы «Менск - горад-герой».

04.07.2008 / 11:41


Заява Партыі Беларускага народнага фронту з прычыны выбуху ў ноч на 4 ліпеня ля стэлы «Менск - горад-герой».

Партыя БНФ выказвае глыбокае спачуваньне ўсім пацярпелым у выніку выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня, а таксама ўдзячнасьць супрацоўнікам міліцыі і мэдыкам, якія рабілі што маглі, каб дапамагчы параненым.

Мы рашуча асуджаем злачынства, скіраванае супраць мірных бесклапотных людзей. Ня ведаем, хто яго зрабіў і зь якімі мэтамі, але перакананыя: толькі нехта бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечнасьці, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, любові да беларускага народу і сваёй краіны мог заплянаваць і ўчыніць такое дзікунства.

Такога роду злачынствы дагэтуль не былі характэрныя для Беларусі. Мы настойліва раім уладзе надалей лепей дбаць пра бясьпеку людзей, якіх сама ж яна і зьбірае. І папярэджваем, што з боку ўлады было б вялікай памылкай паспрабаваць скарыстаць гэтую вартую безумоўнага асуджэньня падзею ў мэтах далейшага абмежаваньня свабоды й дэмакратыі ды барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.