Затрыманы Юрый Паўлавец пісаў на «Рэгнуме» пад псеўданімам Мікалай Радаў пра тое, што ў Беларусі хочуць ваяваць з Расіяй

08.12.2016 / 19:15

Становяцца вядомымі новыя падрабязнасці затрымання гісторыка, дацэнта БДУІРа Юрыя Паўлаўца. 37-гадовага ўраджэнца Жодзіна затрымалі раніцай 6 снежня. Тое, што ён знаходзіцца ў СІЗА, для расійскіх СМІ пацвердзіла маці Паўлаўца.

8 снежня стала вядома, што ў той самы дзень у Брэсце быў затрыманы яшчэ адзін адэпт «рускага свету» Дзмітрый Алікін, якія хаваўся на сайце Regnum.ru пад псеўданімам «Ала Бронь».

Па ўсім выглядае, што Юрый Паўлавец таксама да апошняга часу пісаў на Рэгнум пад псеўданімам «Мікалай Радаў». Радаў, Бронь і шэф-рэдактар Рэгнума Юрый Баранчык былі асноўнымі аўтарамі выдання па Беларусі.

Некаторыя сайты друкуюць злітую ў інтэрнэт інфармацыю аб Юрыі Паўлаўцу і Дзмітрыю Алікіну, іх перапіску з расійскімі выданнямі. Тое, што Паўлавец і «Радаў» — гэта адзін і той жа чалавек сведчаць хаця б некаторыя публікацыі, якія публіцыст толькі крыху папраўляў для розных выданняў. Напрыклад, глядзіце тут і тут.

Летам Мікалай Радаў змясціў маніпулятыўны артыкул «Чаму у Беларусі хочуць ваяваць з Расіяй?» Сама назва нясе ў сабе дэструктыў. Мабыць, ва ўсёй краіне не знойдзецца ніводнага чалавека, які б хацеў вайны з Расіяй.

Радаў абвінавачваў беларускія ўлады ў тым, што яны патураюць распальванню русафобіі, асабліва даставалася палітолагам Юрыю Царыку і Арсенію Сівіцкаму і іх дакладу «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія—НАТА: Пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Стратэгічныя высновы і рэкамендацыі».

«Вышэйзгаданы даклад, як і шэраг падобных яму, павінен паступова, кропля за кропляй, фарміраваць у масавай свядомасці простых грамадзян новае пачуццё страху, у аснове якога закладзена ідэя аб магчымасці ваенных дзеянняў на тэрыторыі рэспублікі», — пісаў Радаў.

Было і мноства іншых публікацый, дзе мінскі гісторык пісаў, што беларускія ўлады паводзяць сябе па ўкраінскім сцэнары. Беларусь жа называлася ў яго публікацыях «лімітрофам». Гэта такі тэрмін, які быў уведзены ў абарот у часы СССР у дачыненні дзяржаў, што ўтварыліся на ўскраінах Расійскай імперыі. У сённяшняй публіцыстыцы тэрмін выкарыстоўваецца з прыніжальным адценнем.

Астатнія публікацыі можна паглядзець па спасылцы.

На сайце Lenta.ru яго публікацыі выходзілі пад псеўданімам Павел Юрынцаў.

Мы патэлефанавалі ў Маскву шэф-рэдактару «Рэгнума» Юрыю Баранчыку з просьбай пра каментар. «Я ўстрымаюся, вы вельмі агрэсіўна пішаце», — сказаў ён.

Некаторыя людзі, якія памятаюць Юрыя Паўлаўца яшчэ па вучобе на гістфаку БДУ, адзначаюць, што ў маладосці ён з сімпатыяй ставіўся да нацыянальнага руху і дэмакратычнай апазіцыі, аднак пазней яго погляды радыкальна змяніліся.

Зміцер Панкавец