Сем гадзін да Варшавы: як цягнік «Стрыж» пераходзіць на еўракаляіну за 20 хвілін ФОТА, ВІДЭА

18.12.2016 / 14:51

Брэст прыняў першы хуткасны цягнік Swift Масква — Берлін, абсталяваны сістэмай аўтаматычнай змены шырыні колавых пар. TUT.BY паглядзеў, як сучасны састаў за 20 хвілін спраўляецца з тым, на што ў звычайнага сыходзіць каля дзвюх гадзін.

Тут і ніжэй фота: Станіслаў Коршунаў, TUT.BY

Пераводную прыладу на станцыі Брэст усталявалі яшчэ летась. Абсталяванне размясцілі ў вялікім ангары недалёка ад будынка пункта перастаноўкі пасажырскіх вагонаў. З аднаго боку да яго вядзе шырокая каляіна, з другога — вузкая. Пасярэдзіне — тая самая пераводная прылада, якая перамяшчае рассоўныя колавыя пары.

Пакуль адзіным «спажыўцом» гэтай сістэмы з'яўляецца хуткасны цягнік Swift («Стрыж») Масква — Берлін. Першы састаў брэсцкія чыгуначнікі прынялі ў ноч з 17 на 18 снежня.

Прынцып працы сістэмы:

У новы ангар цягнік прыбыў каля 00.30. Акрамя брэсцкіх спецыялістаў, яго сустракалі таксама калегі з іспанскай кампаніі Patentes Talgo S.L.

На еўрапейскую каляіну Swift перайшоў прыкладна за 20 хвілін. Пры гэтым раней на гэтую працэдуру патрабавалася каля дзвюх гадзін. Паралельна ў вагонах пасажыры праходзілі мытны і памежны кантроль.

Як паведамлялася, дзякуючы запуску «Стрыжа» час у шляху паміж Масквой і Берлінам скароціцца на чатыры гадзіны — адлегласць у 1898 кіламетраў новы цягнік будзе пераадольваць прыкладна за 20 гадзін, а дабрацца з Мінска ў Берлін можна будзе за 12 гадзін.

«Стрыж» будзе курсаваць два разы на тыдзень. Цана квіткоў Мінск — Берлін: у купэйным вагоне — 312 рублёў 13 капеек, у сядзячым — 236 рублёў 61 капейка, люкс — ад 435 рублёў і вышэй.

А з Мінска да Варшавы можна будзе дабрацца за 7 гадзін. Цана квіткоў: 215 рублёў 38 капеек купэйны вагон, ад 177 — за месца ў сядзячым і ад 317 рублёў у вагоне класа люкс.