Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў: Незалежнай Беларусі быць не можа
21.12.2016 / 15:33
Пра немагчымасць існавання незалежнай Беларусі заявіў дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Леанід Рашэтнікаў.
Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў (РІСД, а па-расейску — РИСИ) заснаваны прэзідэнтам Расіі. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Раду бяспекі і іншыя структуры ўлады Расіі.
Рашэтнікаў — генерал-лейтэнант, прыйшоў у РІСД са Службы замежнай выведкі.
«Сітуацыя вельмі для нас неспрыяльная, — сказаў Рашэтнікаў пра Беларусь. — Усё рухаецца па ўкраінскім сцэнары, ну можа быць з нейкімі нюансамі, але працэсы вельмі падобныя і, на жаль, не бачым працэсаў, якія ім супрацьстаяць. Вось гэтая лінія на як бы такое аддзяленне беларусаў ад расейцаў, вось гэта стварэнне такога плоту паміж беларусамі і расейцамі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным плане, і нават ў нейкай ступені ў духоўным, яно відавочнае проста.
У першай зале [выставы, пра якую ідзе гаворка] была выстаўлена і цяпер там знаходзіцца газета «Праўда» за 1926 год. На першай старонцы пастанова аргбюро ЦК ВКП(б), і называлася гэтая пастанова «Пра стварэнне беларускай мовы» [мусіць, маецца на ўвазе пастанова ЦК КПБ 1926 года аб правядзенні ў Менску навуковай канферэнцыі аб рэформе беларускага правапісу — НН]. Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, выходзіць, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзена тады, яна цяпер выбухнула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі, — сказаў Рашэтнікаў. — Гэта вельмі непакоіць усіх нас, я мяркую, і наша кіраўніцтва таксама. Патрэбная дыскусія, прынамсі, гаварыць пра гэта [трэба] адкрыта. Увага многіх цяпер адцягнутая Сірыяй ці Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць — гэта гістарычная частка вялікай Расеі, вялізнай Расеі, гэта частка нашага народа. Так жа і з Беларуссю, пра што яны думаюць — кіраўнікі [Беларусі], — працягваў Рашэтнікаў. — Незразумела, ці то пра ўласнае становішча, ці то яшчэ пра нешта. Пра што яны думаюць? Аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму — вось што атрымліваецца, — сказаў Рашэтнікаў і падсумаваў. — Якая «Беларусь незалежная ад Масквы?»
Вось відэа выказванняў Рашэтнікава: