Первым томом серии произведений Нобелевских лауреатов в переводе на белорусский язык станет «Голод» Кнута Гамсуна.

27.12.2016 / 13:17

Да друку рыхтуецца кніга «Голад» нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна. Гэта будзе першае выданне з «Нобелеўскай серыі» па-беларуску. Кніга пабачыць свет праз лічаныя тыдні. На сайце Talaka.by можна падтрымаць гэты праект рублём.

Хто ж гэты нарвежскі пісьменнік, якога мы не маглі чытаць па-беларуску раней?

 

З гаротнай сялянскай сям’і

Кнуд Педэрсэн (1859—1952), такое сапраўднае імя пісьменніка, нарадзіўся ў сям’і вясковага краўца. Жылі бедна. І ў дзевяць гадоў ён пайшоў працаваць. Так-сяк перабіваліся. У галечы ён і пачаў пісаць. У 17 гадоў паспеў дэбютаваць як пісьменнік — выдаў кніжачку «Загадкавы чалавек. Нурланская гісторыя кахання». Першы твор, праўда, не прынёс ні грошай, ні славы. І Кнуд па доўгі рубель скіраваўся ў ЗША.

За акіянам спрабаваў сябе ў розных занятках. Але жаданне пісаць не адпускала ўвесь час. У Амерыцы Кнуд і ўзяў сабе псеўданім — стаў Кнутам Гамсунам.

Праз хваробу — сухоты — ён вярнуўся на радзіму. Вылечыўся. Але грошай не ставала ўсё адно. І ён зноў адплыў у ЗША. Толькі кар’ера там не склалася. Гамсун вярнуўся ў Еўропу.

У 1888 годзе дацкі часопіс «Ny Jord» ананімна апублікаваў урывак з рамана Кнута Гамсуна «Голад». Аўтару было толькі 29 гадоў. Адразу пачаліся дыскусіі, хто ж так геніяльна піша. Сам Гамсун хацеў захаваць ананімнасць да канца працы над кнігай. Але нарвежская газета «Verdens Gang» даведалася і назвала яго імя. Пісьменніку давялося адкласці раман, бо яго запрасілі прачытаць курс лекцый пра Амерыку. І «Голад» выйшаў кнігай толькі ў 1890 годзе.

 

Нобелеўскі лаўрэат

Сам зазнаўшы голад, аўтар здолеў у аднайменным рамане тонка раскрыць тэму нішчымніцы. Манера пісьма нарвежца, яго псіхалагізм і прывабілі чытачоў. «Голад» адразу ж пачаў перакладацца на замежныя мовы.

Гамсун не спыняўся пісаць. І з-пад яго пяра выйшлі «Містэрыі», «Пан», «Вікторыя». Ён быў ужо не проста вядомы, а папулярны ў Еўропе, калі ў 1920 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Гэтую высокую ўзнагароду ён атрымаў за кнігу, якая ў расійскім перакладзе называецца «Сокі зямлі» (Лявон Баршчэўскі назву лічыць недакладнай і прапануе іншую — «Дабрыня зямлі» ці «Дабраславенне зямлі»). Гэта той рэдкі выпадак, калі пісьменнік атрымаў прэмію не з агульнай фармулёўкай, а за канкрэтны твор.

«Як сучасны псіхолаг, я павінен раскрыць і даследаваць душу. Я павінен даследаваць яе ўздоўж і ўпоперак, з кожнага пункту гледжання, трапіць у самыя патаемныя глыбіні», — характарызаваў Гамсун сваю творчасць.

 

Любіў жанчын і вечарынкі

Гамсун быў прыгожым мужчынам. Сучаснікі пісьменніка ўзгадвалі, што здараліся выпадкі, калі маладыя паненкі трацілі прытомнасць пад яго праніклівым позіркам. У маладосці Гамсун вёў разгульнае жыццё. Беднае дзяцінства спрабаваў кампенсаваць гулянкамі з танцамі на сталах, бурлівымі раманамі.

Пры гэтым захаваліся сведчанні, што Гамсун мог без перапынку пісаць па 10-12 гадзін. Для пісьма ён здымаў у гатэлі тры пакоі. І пісаў у сярэднім — а бакавыя былі для гукаізаляцыі.

 

Ажаніўся з акцёркай, але не любіў тэатр

Гамсун ненавідзеў тэатр. Але ў другі раз ажаніўся з акцёркай Марыяй Андэрсэн, якую забраў з падмосткаў. 

Ён і сам пісаў п’есы для тэатра. Гаварыў, аднак, што робіць гэта выключна дзеля грошай.

 

Цярпець не мог юбілеі

Калі надыходзіў чарговы юбілей, Гамсун заскокваў у сваё аўто і імчаў па Нарвегіі з сям’ёй. Ён пераапранаўся да непазнавальнасці. Хацеў неяк нават згаліць свае вусы — жонка адгаварыла. Так пісьменнік маскіраваўся, каб на дарогах краіны яго ніхто не мог пазнаць і павіншаваць. Цярпець не мог юбілеі.

 

Ненавідзеў камуністаў

Пісьменнік сто гадоў таму быў дужа папулярны ў Расійскай Імперыі. Шматтысячныя наклады перакладаў на расійскую прыносілі яму добрыя ганарары. Ужо ў Савецкай Расіі прабіцца да чытача было цяжэй. Бо пісьменнік ненавідзеў бальшавікоў, чаго і не хаваў. І толькі любоў да кніг нарвежца з боку Максіма Горкага, які лічыў Гамсуна сваім ідэалам, дазволіла выдавацца ў СССР да 1939 года. Затым была працяглая паўза.

 

Боль для нарвежцаў

У 1940 годзе нацысцкая Германія акупавала Нарвегію. 80-гадовы Кнут Гамсун падтрымаў прыход нацыстаў у краіну. Праўда, хутка расчараваўся ў новым рэжыме. І падчас сустрэчы з Гітлерам пісьменнік папрасіў незалежнасці для сваёй краіны. За такую дзерзкасць Гітлер выгнаў старога Гамсуна з сустрэчы.

Разам з тым, Гамсун ратаваў ад смерці і канцлагераў знаёмых і незназаёмых людзей — яму пісалі з усёй Нарвегіі.

Пісьменніка судзілі пасля вайны як здрадніка. Ад турмы яго выратаваў толькі паважны век. Але ён прайшоў праз псіхіятрычную лякарню. Яму прысудзілі вялізны штраф. За сваю здраду ён заплаціў дорага — апошнія гады правёў у беднасці, сябры ад яго адвярнуліся, суайчыннікі замоўчвалі.

«Мы не можам не любіць яго, хоць і ненавідзелі яго ўсе гэтыя гады. Гамсун — наша траўма. Ён прывід, які не хоча заставацца ў магіле», так вызначыў адносіны да яго суайчыннікаў біёграф пісьменніка Інгар Шлэтэн Колуэн.

 

Захапляўся Дастаеўскім

Яшчэ да вайны сыны Гамсуна, якія ў той час захапляліся творчасцю Стэйнбека, далі і бацьку прачытаць амерыканца. Яны з хваляваннем чакалі, якім жа яго вердыкт. Гамсун быў стрыманы: «Маё месца ў літаратуры непахіснае». І толькі больш чым праз два дзесяцігоддзі Нобелеўскай прэміяй па літаратуры быў уганараваны Стэйнбек.

Затое Гамсун захапляўся Дастаеўскім. Партрэт Фёдара Міхайлавіча вісеў у пакоі нарвежца да канца жыцця. А літаратуразнаўцы абвінавачвалі нарвежца нават у плагіяце: маўляў, свой «Запал» спісаў з «Гульца» Дастаеўскага. Той адмаўляў. Пазней ён перапісаў навэлу, якая атрымала назву «Бацька і сын».

 

Гамсун і Букоўскі

Гамсунам захапляліся пісьменнікі Герберт Уэлс, Стэфан Цвайг, Франц Кафка, набелісты Герхард Гаўптман, Герман Гесэ, Эрнэст Хемінгуэй, Каміла Хасэ Села…

Нават персанажы Чарльза Букоўскага захапляюцца творчасцю вялікага нарвежца. А сам амерыканец «Голад» лічыў адной з найулюбёных кніг.

 

Экранізаваўся трыццаць разоў

Творы Кнута Гамсуна амаль трыццаць разоў экранізаваліся. Пачынаючы з 1916 (!) года. Да яго творчасці звярталіся нарвежцы, амерыканцы, брытанцы, грэкі, расійцы, шведы…

У наш час выходзілі экранізацыя «Вікторыі» (2013, рэжысёр Torun Lian), у 2012 грэчаскі рэжысёр Ektoras Lygizos зняў фільм «Boy Eating the Bird's Food» («Хлопчык, які браў ежу ў птушак»), у аснову якога пакладзены раман «Голад». У 2001 годзе ў ЗША экранізавалі «Голад» (рэжысёр Maria Giese), а ў Вялікабрытаніі ў 1998 выйшла стужка «Twilight of the Ice Nymphs» («Змярканне ледзяных німф»), у якой часткова быў выкарыстаны раман «Пан».

 

* * *

Дабрачынны фонд «Вяртанне», выдавецтва «Янушкевіч» і сайт электронных кніг Kniharnia.by задумалі выдаваць творы лаўрэатаў Нобелеўскай серыі па літаратуры. У беларускіх перакладах.

Першым томам стане «Голад» Кнута Гамсуна. У кнігу ўвойдуць такія творы, як «Голад», «Пан», «Вікторыя» і нобелеўская прамова лаўрэата. Над перастварэннем гэтых твораў па-беларуску працавалі Лявон Баршчэўскі і Лідыя Ёхансэн. На першы том цяпер выдаўцы і абвясцілі збор сродкаў — перадзамову.

Падрыхтавала Алена Петрашэвіч