Гідрамет плануе даваць больш дэталёвыя прагнозы надвор'я па асобных населеных пунктах
05.01.2017 / 19:16
У 2017 годзе Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя пачне падаваць спажыўцам больш дэталёвыя прагнозы надвор'я, паведаміла начальнік Гідрамета Марыя Гермянчук 5 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яе слоў, для Гідрамета важна, каб спажывец мог атрымаць максімум карыснага з пададзенай інфармацыі для таго, каб «засцерагчы сябе, сваіх блізкіх і абараніць сваю маёмасць».
«Мы дэталізуем прагноз ужо з большай дыскрэтнасцю па тэрыторыях. На працягу года будзем пераходзіць на новыя віды прагнозаў па асобных населеных пунктах, цяпер гаворка ідзе пра абласныя цэнтры, — расказала спецыяліст. — Калі гэтая праца пойдзе нармальна, то пачнем падаваць інфармацыю і па некаторых раённых цэнтрах».
Яна зазначыла, што цяпер распрацоўваецца новы падыход, які дазволіць выдаваць штармавыя папярэджанні і папярэджанні аб неспрыяльных і небяспечных з'явах надвор'я «як мага раней» — да сутак і больш.
«Спецыфіка такіх з'яў залежыць ад канкрэтнага месца і часу, таму даць загадзя прагноз надзвычай складана, — патлумачыла яна. — Тым не менш у нас з'явіліся новыя тэхналогіі, якія мы будзем прымяняць».
Пры гэтым начальнік Гідрамета адзначыла: пра цыклон «Аксель», які гэтымі днямі прыйшоў і ў Беларусь, сіноптыкі папярэдзілі больш чым за двое сутак, што дазволіла падрыхтавацца да непагадзі дарожным службам, МНС, ЖКГ і іншым залежным ад надвор'я галінам.