«Ла-Ла Лэнд» пабіў рэкорд «Залатога глобуса», выйграўшы ў сямі намінацыях

09.01.2017 / 08:52

У Лос-Анджэлесе ўручылі прэмію «Залаты глобус» за заслугі ў кіно і тэлебачанні. Лідарам па колькасці выйграных статуэтак стаў мюзікл «Ла-Ла Лэнд», які перамог ва ўсіх сямі намінацыях, дзе быў прадстаўлены. Сем перамог сталі новым рэкордам ў гісторыі «Залатога глобуса».

«Ла-Ла Лэнд» быў прызнаны найлепшым фільмам у катэгорыі камедыя ці мюзікл і атрымаў узнагароды за найлепшы сцэнар (Дэмьен Шазэл), найлепшую музыку (Джасцін Гурвіч) і найлепшую песню («City of Stars» Джасціна Гурвіча). Шазэл таксама атрымаў прэмію як найлепшы рэжысёр, а выканаўцы галоўных роляў Эма Стоўн і Раян Гослінг - як найлепшыя акцёры ў камедыі або мюзікле.

Героі фільма «Ла-ла Лэнд», LA Times

У мінскіх кінатэатрах «Ла-Ла Лэнд» пачнуць паказваць з 12 па 22 студзеня.

Найлепшым драматычным фільмам года стала «Месяцовае святло» Бары Джэнкінса. Ізабэль Юпэр атрымала «Залаты глобус» як найлепшая драматычная актрыса за фільм «Яна», найлепшым драматычным акцёрам прызнаны Кейсі Афлек за «Манчэстар ля мора».

Найлепшымі акцёрамі другога плана сталі Віёла Дэвіс («Агароджы») і Аарон Тэйлар-Джонсан («Пад покрывам ночы»). У намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм» перамог «Звераполіс, найлепшым фільмам на замежнай мове стала карціна «Яна».

Мэрыл Стрып, LA Times

Актрысе Мэрыл Стрып уручылі прэмію Сесіл Б. ДэМіля за ўклад у кінематограф. У сваёй прамове яна, не называючы імёнаў, раскрытыкавала абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа за яго выказванні і погляды.