Узброены налётчык з Беларусі спрабаваў абрабаваць салон сотавай сувязі ў Санкт-Пецярбургу

15.01.2017 / 18:55

Паліцыя Санкт-Пецярбурга затрымала налётчыка з Беларусі, які спрабаваў абрабаваць салон сотавай сувязі «Сувязны» на праспекце Ветэранаў, паведамляе «Фантанка.ру».

Днём 14 студзеня злачынец у медыцынскай масцы ўвайшоў у краму і, пагражаючы пнеўматычным пісталетам, запатрабаваў ад менеджараў адкрыць касавы апарат.

Зламыснік забраў 11 тыс. расійскіх рублёў (185 долараў ЗША) выручкі і па дарозе прыхапіў сем мабільных тэлефонаў, але збегчы яму не ўдалося. Супрацоўнікі магазіна, ледзь убачыўшы «пакупніка» у масцы, адразу націснулі на трывожную кнопку.

Паліцэйскія, якія прыбылі на працягу некалькіх хвілін, затрымалі налётчыка на месцы злачынства. Высветлілася, што пад маскай хаваўся 49-гадовы прыезджы з Беларусі.

Распачатая крымінальная справа па артыкуле «Разбой».