Як будзе выглядаць новы будынак Вярхоўнага суда ФОТА 

ці падабаецца вам?

17.01.2017 / 11:44

Побач з Палацам Незалежнасці і плошчай Дзяржаўнага Сцяга хутка вырасце будынак Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Узводзіцца ён на вул. Арлоўскай недалёка ад парку забаў «Дрымлэнд».

Першапачаткова разглядаліся розныя пляцоўкі для размяшчэння Вярхоўнага суда, пакуль канчаткова не вызначылі гэтае месца. Што лагічна, бо ў такім выпадку з'яўляецца цэлы комплекс са знакавых дзяржаўных аб'ектаў.

Будаўніцтва і праектаванне ідуць паралельна. Мяркуецца, што да канца 2018 года новабудоўля будзе гатовая.

Падрабязнасці карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» распавёў галоўны архітэктар праекта Уладзімір Архангельскі (УП «Мінскпраект»).

— З аднаго боку, гэта традыцыйны адміністрацыйны будынак, з другога — ён мае свае асаблівасці. У ім шмат кабінетаў, але будуць і пакоі адпачынку, холы для чакання, ёсць памяшканні асаблівага прызначэння. Каб зрабіць унутраную планіроўку максімальна эфектыўнай, вырашана выкарыстоўваць калідорную сістэму. Таму ўнутры ўсё даволі лаканічна. Вылучыць можна толькі галоўны парадны хол, які аздоблены натуральным каменем. Гэту прастору плануецца ўпрыгожыць скульптурай Феміды.

Што да выгляду, дык ён адпавядае стылю Палаца Незалежнасці — фасад выканаюць са шкла і натуральнага каменю, у аздабленні выкарыстоўваюць нацыянальны арнамент. І, вядома, будуць прысутнічаць дзяржаўныя сімвалы: герб і сцяг. Каб падкрэсліць прызначэнне будынка, мы вырашылі надаць фасаду падабенства з шалямі Феміды — багіні правасуддзя. Гэта падабенства не літаральнае, але цалкам адгадваецца.

У будынку 5 наземных паверхаў і адзін падземны з тэхнічнымі і спецыяльнымі памяшканнямі.