Асанж парушыў абяцанне здацца ЗША пасля памілавання Чэлсі Мэнінг

19.01.2017 / 09:32

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж не будзе здавацца ўладам ЗША пасля памілавання Чэлсі Мэнінг, якое 17 студзеня падпісаў прэзідэнт Барак Абама.

Адвакаты Асанжа заявілі Associated Press, што той казаў аб неадкладным вызваленні Мэнінг, а не аб скарачэнні турэмнага тэрміну.

Ні прадстаўнік WikiLeaks Бары Полак, ні адвакат Асанжа Мелінда Тэйлар не змаглі патлумачыць агенцтву, калі менавіта той казаў аб «неадкладным» вызваленні Мэнінг як пра абавязковую ўмову.

У сваім твіце за пяць дзён да ўказа Абамы WikiLeaks паўтарылі абяцанне, дадзенае Асанжам яшчэ ў верасні 2016 года. Асанж заяўляў, што прыедзе ў ЗША і, па ўсёй бачнасці, сядзе ў турму, калі Мэнінг памілуюць.