Беларусь на нявызначаны тэрмін працягнула дзеянне тарыфаў на транзіт нафты
21.01.2017 / 12:54
Беларусь на нявызначаны тэрмін працягнула дзеянне тарыфаў на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі. Інфармацыя аб гэтым утрымліваецца ў пастанове Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 6, апублікаванай 21 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастанова МАРГ № 6 ад 18 студзеня 2017 года ўносіць змяненне ў пастанову ведамства № 48 ад 30 снежня 2016 года. З ранейшага дакумента выключаны пункт аб тым, што новыя тарыфы будуць дзейнічаць па 31 сакавіка 2017 года.
Новая пастанова набывае моц 1 лютага 2017 года.
5 студзеня Беларусь павысіла тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі краіны. Тарыфы на паслугі ААТ «Полацктранснафта Дружба» па транспарціроўцы (транзіце) нафты выраслі на 11,76%, на паслугі ААТ «Гомельтранснафта Дружба» — на 7,7%.
Раней Беларусь запытвала павышэнне тарыфаў на транспарціроўку нафты з Расіі для ААТ «Гомельтранснафта Дружба» на 20,5%. «Мы палічылі неабгрунтаваным іх павышэнне на 20,5%», — заявіў у канцы снежня начальнік упраўлення паліўна-энергетычнага комплексу Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Дзмітрый Махонін. У адпаведнасці з методыкай, паводле слоў Махоніна, тарыф будзе павышаны на «інфляцыя плюс 3%, то бок 7,7%».
У сваю чаргу ААТ «Полацктранснафта Дружба» раней пагадзілася з прапановай расійскай «Транснефці» павялічыць тарыф на транспарціроўку нафты з РФ на 11,76% у 2017 годзе замест 20,5%.
Беларусь і Расія амаль год не могуць урэгуляваць нафтагазавую спрэчку — пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
На фоне нафтагазавай спрэчкі Беларусь збіралася павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты яшчэ ў кастрычніку 2016 года. Прычым разглядалася павышэнне тарыфаў у сярэднім на 50%, аднак гэтага не адбылося.