Горад у Данецкай вобласці застаўся без вады і цяпла. Каля яго другія суткі працягваюцца баі

31.01.2017 / 08:19

У выніку баявых дзеянняў у Данецкай вобласці Украіны перапынена забеспячэнне электраэнергіяй, вадой і цяплом горада Аўдзееўка, падкантрольнага ўкраінскім уладам.

«Горад застаўся без вады, без электрычнасці і без цеплазабеспячэння», — заявіў вечарам 30 студзеня кіраўнік абласной адміністрацыі Павел Жэброўскі.

Па словах Жэброўскага, у выніку абстрэлаў з боку сепаратыстаў была «перабіта апошняя лінія электраперадачы на Аўдзееўку» і абясточана Данецкая фільтравальная станцыя і Аўдзееўскі коксахімічны завод, што забяспечваюць горад вадой і цяплом.

Інфармацыйныя сайты прыхільнікаў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі абвінавачваюць украінскіх вайскоўцаў у абстрэлах, якія спынілі працу фільтравальнай станцыі.

Паводле заявы кампаніі «Вада Данбаса», Данецкая фільтравальная станцыя таксама забяспечвае Данецк і Ясінаватую (падкантрольныя сепаратыстам), аднак падачу вады ў гэтыя населеныя пункты ўдалося кампенсаваць з іншых крыніц.

Прэс-служба прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ўвечары 30 студзеня паведаміла, што ён перапыніў свой візіт у Германію з-за «надзвычайнай сітуацыі [у Аўдзееўцы], якая мяжуе з гуманітарнай катастрофай».

Як паведаміла 112.ua, са спасылкай на прэс-афіцэра 72-й брыгады, каля 6-й раніцы аўторка сепаратысты выпусцілі па Аўдзееўцы чатыры пакеты «Града».

«Горад гарыць. Ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва», — сказала прэс-афіцэр.