Лукашэнка прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага суда Беларусі

02.02.2017 / 11:07

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктара Рабцава.

Пасля прынясення суддзёй прысягі Лукашэнка ўручыў Віктару Рабцаву пасведчанне суддзі Канстытуцыйнага суда і падарункавы экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі. На цырымоніі таксама прысутнічалі старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Віктару Рабцаву поспехаў на новай адказнай пасадзе. «Вы ў нас вядомы вучоны, практык. Думаю, што Канстытуцыйны суд у вашай асобе набудзе годнага эксперта і змагара за правы нашых людзей, вартаўніка выканання Канстытуцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць традыцыі публічнага прынясення прысягі суддзямі Канстытуцыйнага суда. «Самае галоўнае, гэта лішні раз нагадвае ўсім нам у краіне і за яе межамі аб дэмакратычнасці нашага дзяржаўнага ладу», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.