Нацыянальнай бібліятэцы могуць надаць імя Францішка Скарыны

02.02.2017 / 21:00

Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі можа быць нададзенае імя Францішка Скарыны, паведаміў БЕЛТА намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

«Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі падтрымліваюць ініцыятыву ў тым ліку грамадскіх аб'яднанняў, Беларускага фонду культуры, грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны аб наданні Нацыянальнай бібліятэцы імя Францішка Скарыны», — сказаў ён.

Васіль Чэрнік адзначыў, што неабходна будзе правесці працу па ўнясенні адпаведных змяненняў у статутныя дакументы бібліятэкі.

«Планам мерапрыемстваў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прадугледжаная ўрачыстая цырымонія ў верасні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у гэты перыяд будуць праводзіцца і мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю НББ. Думаю, што да гэтага часу пытанне аб наданні Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі імя Францыска Скарыны будзе вырашана», — дадаў Васіль Чэрнік.