У Гродне ў гаражы гарэў рэдкі для Беларусі Lincoln Mark VIII
03.02.2017 / 11:20
Вечарам 1 лютага ў гаражы ў Гродне загарэўся аўтамабіль Lincoln Mark VIII. Як мяркуецца, прычына пажару - разгерметызацыя паліўнай сістэмы
- 22-гадовы гродзенец паставіў свой Lincoln 1993 года выпуску ў гараж. Калі заглушыў матор, звярнуў увагу на полымя ў правых дзвярах. Хлопец пачаў тушыць узгаранне падручнымі сродкамі і снегам, аднак паліва пацягнула распаўсюджванне агню па гаражы, — распавялі ратавальнікі.
На дапамогу маладому чалавеку прыйшлі відавочцы. Яны дапамаглі выштурхаць Lincoln з гаража і збівалі полымя. Вартаўнік гаражнага кааператыва выклікаў ратавальнікаў і пабег да месца пажару з вогнетушыцелем. Работнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне.
У выніку пажару агонь пашкодзіў маёмасць у гаражы і легкавы аўтамабіль. Асноўная прычына пажару - няспраўнасць паліўнай сістэмы аўтамабіля (разгерметызацыя паліўнай сістэмы).