11 лютага — вандроўка па слядах палескага Напалеона

Мінск — Варацэвічы — Янаў — Пінск — Мінск.

08.02.2017 / 13:33

У суботу 11 лютага спаўняецца 210 гадоў ад нараджэння славутага мастака і кампазітара Напалеона Орды.

Помнік Напалеону Орду ў Янаве.

Ён пакінуў пасля сябе велізарную спадчыну, спасціжэннем якой займаецца ўжо не адно пакаленне нашчадкаў.

Гэтай даце прысвечана падарожжа ў родныя мясціны нашага Напалеона — на Піншчыну.

Гідам у вандроўцы «Палескі Напалеон мастацтва і музыкі» стане гісторык і экскурсавод Іван Сацукевіч. У межах вандроўкі пройдзе канцэрт-лекцыя «Напалеонаўская эпоха ў гісторыі музыкі».

На Радзіме ўвага да асобы Напалеона Орды прачнулася ў сярэдзіне 1990-х, калі аказалася, што некаторыя выбітныя помнікі архітэктуры, якія не дайшлі да нашага часу, адлюстраваныя толькі на малюнках гэтага мастака.

І з кожным годам цікавасць да яго жыцця і мастацкай спадчыны толькі ўзрастае. За апошнія 10 гадоў у Мінску, Брэсце, Гродне, Янаве, Пінску з’явіліся вуліцы Напалеона Орды. А малюнкі з рамантычнымі відамі помнікаў архітэктуры Беларусі 1860-70-х сёння можна сустрэць у сотнях музеяў, падручнікаў, фотаальбомаў, сайтаў, прысвечаных спадчыне Беларусі.

Янаўскі касцёл.

У Янаве, дзе хрысцілі Напалеона, у 1997 годзе ўсталявалі адзіны ў свеце помнік вядомаму кампазітару і мастаку.

Там жа на знішчаных могілках цудам захаваўся родавы склеп Ордаў, дзе Напалеон быў пахаваны.

Карцінная галерэя ў Варацэвічах.

У Варацэвічах, дзе ён нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады, адкрылі карцінную галерэю і музей мастака.

Сядзіба ў Варацэвічах, літаграфія Напалеона Орды.

Цяпер там адбудоўваюць родавую сядзібу Напалеона Орды, якая згарэла ў агні Вялікай Айчыннай вайны.

Палац Бутрымовіча.

У Пінску нарэшце адрэстаўравалі палац Матэуша Бутрымовіча — дзеда мастака, дзе ён пражыў некалькі гадоў.

Вядома, Пінск - палеская Вільня, палескі Ерусалім і Палескі Канстантынопаль - захаваў і шмат іншых помнікаў даўніны. 

Сярод іх кляштар францысканцаў з касцёлам Узнясення Панны Марыі, былы езуіцкі калегіум, у якім сёння месціцца музей беларускага Палесся, кляштар францысканцаў з касцёлам Узнясення Панны Марыі, касцёл Св. Карла Барамея, што належыў каталіцкаму ордэну камуністаў, некалькі сінагогаў, рачны вакзал і шматлікія іншыя помнікі архітэктуры. Падчас нашай вандроўкі мы пройдземся старажытнымі вулічкамі Пінска, а таксама маляўнічай набярэжнай Піны.

Падчас канцэрта-лекцыі «Напалеонаўская эпоха ў гісторыі музыкі», што адмыслова для нашых вандроўнікаў адбудзецца ў Янаве, прагучыць фартэпіянная музыка Напалеона Орды,

Фрыдэрыка Шапэна, Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі. Вядоўца канцэрта і выканаўца - піяніст, кампазітар і даследчык музыкі Максім Іўкін.

Болей давеацца пра экскурсію і запісацца можна па т.: +375255458430, +375291342804 (Валерыя).