Паліцыя Дэлі адшукала скрадзены сертыфікат Нобелеўскай прэміі
Сертыфікат Нобелеўскай прэміі міру, скрадзены з дома індыйскага праваабаронцы і нобелеўскага лаўрэата Кайлаша Сат'яртхі, знойдзены, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на твітар паліцыі Дэлі.
12.02.2017 / 17:37
Нобелеўскую прэмію міру Сат'яртхі атрымаў за абарону правоў дзяцей. Фота: Getty images
Вярнуць удалося таксама шэраг скрадзеных з дому Сат'яртхі каштоўных рэчаў.
Затрыманыя трое падазраваных.
Фота: Bhasker Solanki
Кайлаш Сат'яртхі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў 2014 годзе разам з пакістанскай праваабаронцай Малалай Юсуфзай. Узнагарода яму была прысуджана за барацьбу супраць выкраданняў і эксплуатацыі дзяцей у Індыі.
63-гадовы праваабаронца з'яўляецца заснавальнікам арганізацыі Bachpan Bachao Andolan (рух «Выратуем дзяцінства»), якая змагаецца супраць рабства і парушэнняў правоў дзяцей. Арганізацыі ўдалося абараніць і вызваліць ад цяжкіх умоў працы некалькі дзясяткаў тысяч дзяцей.