Рассельгаснагляд уводзіць дадатковыя патрабаванні да ўвозу свініны з Беларусі
13.02.2017 / 22:36
Рассельгаснагляд уводзіць дадатковыя патрабаванні пры ўвозе з Беларусі прадукцыі, што нясе рызыку распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней (АЧС), паведаміла ria.ru прэс-сакратар службы Юлія Мелано.
Reuters.com
Мелано патлумачыла Інтэрфаксу: мера аналагічная той, што Беларусь прымяняе да расійскай прадукцыі з 2015 года. Тады Беларусь пашырыла пералік расійскай жывёлагадоўчай прадукцыі, у дачыненні да якой прымяняюцца спецыяльныя дадатковыя меры ў выглядзе дазволу на ўвоз з-за распаўсюджвання ў Расіі яшчуру, грыпу птушак і афрыканскай чумы свіней.
Паводле яе слоў, Рассельгаснагляд не раз прасіў беларускіх калегаў «адмяніць дыскрымінацыйныя меры», але пытанне так і не вырашылася.
Спецыяльны дазвол спатрэбіцца як на жывых свіней, так і на перапрацаваную прадукцыю.
Нагадаем, 3 лютага Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі ялавічыны з Мінскай вобласці ў Расію.