Колькі беларускіх моў будзе ў 2010 годзе?

Запраектаваная беларускімі ўладамі на 2010 год граматычная рэформа ставіць нас перад выбарам. Вастрыню гэтай праблемы давялося мне асаблівым чынам адчуць падчас выкладаньня ў ЭГУ, дзе я пастанавіў быў ужываць менавіта тарашкевіцу, каб ужо празь месяц зразумець, наколькі памылковым было гэтае рашэньне. Піша Пётра Рудкоўскі.

25.07.2008 / 19:36

Пад уплывам запраектаванай беларускімі ўладамі на 2010 год «граматычнай рэформы» зноўку актывізавалася ў адраджэнскім асяродзьдзі дыскусія вакол мовы, але гэтым разам увага пачала факусавацца ня столькі на рэляцыі беларускамоўе – расейска- або трасянка-моўе, якая была дамінантай ранейшых дыскусіяў, колькі на пытаньні «унутранага характару»: якой быць беларускай мове? Прычым пытаньне «якой быць» падразумявала ня толькі стаўленьне да «нэа-наркамаўкі» (дазволім гэтак назваць правапіс 2010 г.), але таксама асэнсаваньне дагэтулешняга спосабу існаваньня мовы, якое было яскрава існаваньнем плюральным (у некалькіх вэрсіях). Пачнем ад рэфлексіі над другім пытаньнем. Піша Пётра Рудкоўскі.

1

Сэнс культываваньня беларускае мовы ў тарашкевічаўскім варыянце пару месяцаў таму быў пастаўлены пад сумнеў не абы-кім, а Сяргеем Дубаўцом і Андрэем Дыньком, двума рэдактарамі адноўленай «Нашай Нівы», выданьня, якое, здавалася б, утварае бастыён клясычнага беларускамоўя. «Што замінае нам прыняць новыя правілы ў якасьці адзіных? Прынцыпы? Дык варта задумацца пра цану, якая некалі будзе заплочана за нашы прынцыпы» — пытае Сяргей Дубавец у артыкуле «Ганс вялікі і Ганс малы».

«Пераход на адзіны правапіс можа быць абгрунтаваны стратэгічнымі задачамі — палепшыць камунікацыю інтэлігенцыі з шырокім грамадзтвам, адолець расколы і адкінуць інструмэнты беларускай культуры, якія не прыжыліся», — аргумэнтуе Андрэй Дынько .

Гетэрадаксальныя прапановы Дубаўца і Дынька, як і трэба было чакаць, былі стрэты вострай крытыкай з боку кансэрватыўнай правіцы. З крытыкай тады выступіў і я , хоць матывы маёй крытыкі былі іншыя, чым матывы кансэрватараў. Я зыходзіў зь перакананьня, што ў дэмакратычнай Беларусі (якая, спадзяемся, усё ж паўстане) павінна адбыцца публічная дыскусія наконт правапісу, вынікам чаго сталася б рашэньне адносна афіцыйнае вэрсіі мовы. «Клясычную» ж вэрсію я ўспрымаю як каштоўную моўна-культурную традыцыю, але не лічу яе адзінай магчымай у якасьці нацыянальнае мовы. «Наркомаўка» зьяўляецца ня менш беларускай, чым «тарашкевіца». Мая схільнасьць абараняць тарашкевіцу ў дыскусіі з Дыньком была абумоўлена перакананьнем, што часовая плюральнасьць беларускамоўя зьяўляецца важным этапам станаўленьня нацыянальнае мовы.

На карысьць культываваньня тарашкевіцы (маецца на ўвазе інстытуцыйнае культываваньне, такое, за якімі стаяць рэальныя інстытуцыі, як напр. газэта «Наша Ніва» ці радыё «Свабода») можна было б дадаткова высунуць яшчэ прынамсі два аргумэнты. Па-першае, тарашкевіца стала ўжо свайго роду «грамадзкім фактам» у дуркгаймаўскім сэнсе слова, гэта значыць, характарызуецца адноснай устойлівасьцю і нават «сілай прымусу». Цягам 20 гадоў існаваньня палітычнай апазыцыі нацыянальнага толку тарашкевіца замацавала свае пазыцыі як сымбаль антысаветызму і пасьлядоўнай вернасьці беларускай ідэі. А нават больш, тарашкевіца стала інструмэнтам дэканструкцыі стэрэатыпу пра беларускую «памяркоўнасьць-інэрцыйнасьць», схільнасьць упісвацца ў зададзеныя істэблішмэнтам рамкі. Тарашкевіца – гэта якбы сымбаль беларускай непамяркоўнасьці.

Тарашкевіца стала інструмэнтам дэканструкцыі стэрэатыпу пра беларускую «памяркоўнасьць-інэрцыйнасьць», схільнасьць упісвацца ў зададзеныя істэблішмэнтам рамкі.

Па-другое, тарашкевіца стала таксама аўтаідэнтыфікацыйным маркерам для шэрагу моладзевых і інтэлігенцкіх субкультураў, унутры якіх фармуюцца палітычныя і культурныя дзеячы, здольныя рэальна падтрымаць беларускае адраджэньне. Пры дапамозе тарашкевіцы яны распазнаюць сябе ў палітычнай і культурнай прасторы Беларусі і адчуваць сябе тыповымі героямі нацыянальнага руху. Забраць у іх тарашкевіцу, альбо прынамсі эвакуаваць яе з традыцыйна «тарашкевічаўскіх» інстытуцыяў, як радыё «Свабода» ці «Наша Ніва», азначае прымусіць многіх энтузіястаў адраджэньня пераасэнсоўваць сваю грамадзка-палітычную тоеснасьць, а гэта можа быць балючы і канфліктагенны працэс.

На гэтым аргумэнты «за», бадай, вычэрпваюцца. Здавалася б, іх дастаткова, каб дыскрэдытаваць кампанію пераводу альтэрнатыўнай культуры на «наркомаўку». Можа, і сапраўды гэтага было б дастакова, калі б ня некалькі рэальных праблем, якія пасьпела спарадзіць плюральнасьць беларускамоўя.

Першая праблема – гэта тое, што можна было б назваць «правапіснай трасянкай». Апроч інтэр-лінгвальнай трасянкі (неўнармаванае спалучэньне элемэнтаў беларускай, расейкай, польскай і іншых моў) маем цяпер яшчэ «ўнутрымоўную» трасянку, гэта значыць неўнармаванае спалучэньне элемэнтаў «наркомаўкі» і некалькіх вэрсіяў тарашкевіцы. Але ў той час, як той першы тып трасянкі стаўся атрыбутам масавай культуры, дык гэты другі становіцца атрыбутам... беларускамоўнай эліты! Мова «Фрагмэнтаў», пра якую была гаворка ў 11 ⁄ 2006 і 1 ⁄ 2007 нумарах «ARCHE», і драматычны вокліч Бабкова: Дасталі! Знайдзіце мне карэктара які б працаваў з некалькімі правапісамі і некалькімі аўтарскімі «адхіленьнямі» і пры гэтым бы не звар’яцеў на 50 старонцы! цудоўна адлюстроўвае сутнасьць праблемы.

Вастрыню гэтай праблемы давялося мне асаблівым чынам адчуць падчас выкладаньня ў ЭГУ, дзе я пастанавіў быў ужываць менавіта тарашкевіцу, каб ужо празь месяц зразумець, наколькі памылковым было гэтае рашэньне. Студэнты, якія вырашылі пісаць працы па-беларуску (была таксама магчымасьць пісаць па-расейску), мусілі нейк «сумяшчаць» афіцыйны правапіс, які яны засвойвалі ў школах, і правапіс, на якім выкладчык падаў ім тэрміны, азначэньні і навучальныя тэксты. На ўласным непасрэдным вопыце дадзена было мне таксама адчуць праблему «плюральнасьці» тарашкевіцы. Падчас падрыхтоўкі да выпуску маёй кніжкі «Паўстаньне Беларусі» аказалася, што два карэктары гэтай кнігі вызнаюць дзьве розныя вэрсіі тарашкевіцы. І хоць гэту рознасьць удалося своечасова выявіць, але цалкам прадухіліць яе наступствы не ўдалося. Так што і я магу ганарыцца лінгвістычнай плюральнасьцю (хай сабе й нязначнай, але ўсё ж!) сваёй кніжкі.

Найгоршае ўва ўсім гэтым, аднак, тое, што фэномэн «правапіснай трасянкі» стаў настолькі звыклым, што для многіх амаль не падпадае пад катэгорыю сур’ёзных ці пільных праблем. Тым часам правапіснае трасянкамоўе (або папросту трасянкапіс) – гэта патэнцыйная дыскрэдытацыя беларускамоўнай культуры і рэальная пагроза ейнаму разьвіцьцю.


Другая праблема, зьвязаная з «моўнай клясыкай», гэта тое, што тарашкевіца, будучы сама ў сабе недапрацаванай і недасканалай вэрсіяй літмовы, спарадзіла нездаровую тэндэнцыю ўласнаручнага «дапрацоўваньня« і «ўдасканальваньня», а пазьней – імкненьне распрацоўваць «кампрамісныя» вэрсіі. У выніку паўстаў варты жалю кансэнсус хто-как-хаціт-так-пусьць-і-гаварыт. Варта дадаць, што «граматычнае экспэрымэнтатарства» суправаджалася (і суправаджаецца) таксама лексічным экспэрымэнтатарствам: імкнучыся як мага больш «тарашкевізаваць» і «дэрусіфікаваць» белмову, некаторыя крэатары мовы сьвядома ці паўсьвядома пачалі ўводзіць польскія словы і непамерна множыць новаўтварэньні, ня дбаючы пра прагматычную мэтазгоднасьць такіх запазычаньняў ці новаўвядзеньняў.

Ну і трэцяя праблема, якая мае прагматычны характар: наколькі тарашкевіца зручная ў камунікацыі з народам? Ці беларуская мова ў тарашкевічаўскім варыянце здольная пранікнуць у народныя масы і, магчыма, заваяваць іхнія сэрцы? Што тычыцца мяне, дык скажу шчыра: размаўляючы зь людзьмі, скажам так, «не заклапочанымі» нацыянальнай ідэяй, я старанна пазьбягаю такіх формаў, як «сымбаль», «барбарства», «кляса» (гавару «сімвал», «варварства», «клас»), каб не нашкодзіць мове (а таксама камунікацыі). Мой асабісты вопыт паказвае, што людзі ў пераважнай большасьці станоўча ўспрымаюць беларускую мову, але тарашкевічаўскія моўныя формы іх часам насьцярожваць. Ня думаю, што мой вопыт у гэтым пляне эксклюзіўны.

Пераадолець правапіснае трасянкамоўе, абмежаваць нездаровае экспэрымэнтатарства і асэнсаваць камунікацыйную прыдатнасьць той ці іншай вэрсіі белмовы – гэта задачы, якія зьявіліся на парадку дня і якія беларускамоўная эліта павінна як найхутчэй вырашыць. Ці ў сувязі з гэтым пераход на рэфармаваны правапіс, — добрая ідэя?

Ці беларуская мова ў тарашкевічаўскім варыянце здольная пранікнуць у народныя масы і, магчыма, заваяваць іхнія сэрцы?

Вядома, што пытаньне правапісу – гэта ня толькі лінгвістычная, але таксама культуралягічная праблема. Рэформа беларускай мовы адбылася ў змрочныя для нацыянальнай культуры сталінскія і хрушчоўскія часы. Ініцыявалася і праводзілася яна на фоне антыбеларускага тэрору, у выніку якога была фактычна выразана пад пень нацыянальная эліта. У зьвязку з гэтым няцяжка зразумець матывы радыкальных апанэнтаў моўнай рэформы 1933/57 г.: кантэстуючы «наркомаўку», яны тым самым заяўляюць, што рэформа, калі і мае адбыцца, то павінна быць справай сапраўдных беларусаў-патрыётаў, а ня сталінскіх калябарантаў.

Датычнасьць сталінскіх калябарантаў (а можа, не калябарантаў, а проста звыклых ахвяраў сталінскага рэжыму) да моўнай рэформы ў нечым падобная да праблемы эпізадычнай датычнасьці нямецкіх фашыстаў да нацыянальнай сымболікі – бел-чырвона-белага сьцяга. Гэтыя дзьве кантамінацыі – «пляма сталінізму» на беларускай рэфармаванай мове і «пляма гітлерызму» на бел-чырвона-белым сьцязе драматычна падзялілі беларусаў на доўгія гады. Думаю, што 90-ыя ўгодкі БНР зяўляюцца выдатнай нагодай, каб «паздымаць пракляцьці» і зрабіць крок у накірунку паяднаньня. Эпізадычная кантамінацыя нацыянальнага сьцягу з гітлерызмам зьяўляецца прыкрым і драматычным эпізодам у нашай гісторыі, але гэта ніяк не азначае, што ў выніку яго бел-чырвона-белы сьцяг ператварыўся ў фашыстоўскі штандар. Тое ж самае трэба сказаць і пра рэфармаваную беларускую мову. Тое, што найбольш распаўсюджанай вэрсіяй белмовы сталася вэрсія, распрацаваная ў савецкія часы, зьяўляецца, безумоўна, прыніжальным момантам для беларусаў, але ня варта празьмерна яго драматызаваць. Сталінізм сканаў, Савецкі Саюз разваліўся, а беларуская мова жыве. На беларускай мове рэфармаванай вэрсіі створаны выдатныя мастацкія творы, напісаны навуковыя працы і... створана камунікацыйная прастора. Гэты апошні фактар ня менш важны, чым два папярэднія. Унутры Беларусі «наркомаўка» сапраўды больш зручная для інтэр-суб-культурнай камунікацыі і прымальная для большасьці грамадзянаў.

Тое, што найбольш распаўсюджанай вэрсіяй белмовы сталася вэрсія, распрацаваная ў савецкія часы, зьяўляецца прыніжальным момантам для беларусаў, але ня варта яго драматызаваць.

Апроч сымбалічна-культурнага аспэкту моўнай праблемы, які мы толькі што разважылі, існуе яшчэ ўласна лінгвістычны аспэкт. Раз-пораз радыкальныя прыхільнікі тарашкевіцы заяўляюць пра «дэфармацыю» белмовы, якую яна быццам бы зазнае ў рэфармаванай вэрсіі. У чым заключаецца гэта «дэфармацыя»?

1) Скасаваньне мяккіх знакаў на пісьме пасьля сьвісьцячых «з», «с» і афрыкатаў «дз», «ц», якія падлягаюць рэгрэсіўнай асыміляцыі паводле мяккасьці, а таксама паміж мяккімі падоўжанымі «нн», «лл», «цц», «сс», «зз», рэдукцыя мяккага «дзьдз'» да «ддз», замена мяккага знаку апострафам у выпадку зьмякчальнай асыміляцыі сьвісьцячых перад «j»;

2) захаваньне фанэматычнага запісу часьціцы «не» і прыназоўніка «без» у пераднаціскной пазыцыі;

3) адмова ад кантрагаваньня каранных зычных з суфіксным зычным (напр. французскі) і адмова ад імітацыі прагрэсіўнай асыміляцыі паводле звонкасьці суфікснай зычнай (напр. «грамадства». Запіс «грамадзтва» і так ня мае рэальнага значэньня для вымаўленьня, бо «дз» асымілюецца паводле глухасьці, вымаўляем: [грамацтва]).

Пералічаныя тут зьмяненьні маюць чыста касмэтычны характар і ніякай рэальнай пагрозы функцыянаваньню ці разьвіцьцю мовы не нясуць. Праз (1) і (2) зьявілася невялічкае разыходжаньне паміж вымаўленьнем і напісаньнем, але ў ангельскай ці францускай мовах разыходжаньне паміж вымаўленьнем і напісаньнем неймаверна большае, што не перашкаджае ім быць самымі разьвітымі і найбольш распаўсюджанымі мовамі. Наконт (3) можна, паглыблена вывучаючы мову, дашукацца пэўных непасьлядоўнасьцяў (напр. чаму, пішучы «грамадства», ня пішам «братства»?), але ня думаю, што яны маюць сутнаснае значэньне для моўнае практыкі.

Адзінае, бадай, зьмяненьне, якое рэальна паўплывала на моўную практыку, сталася

4) замена мяккага «л’» цьвёрдым у запазычаньнях пераважна лацінскага ды грэцкага паходжаньня (напр. «ляса»— «клас») і адаптаваньне зычнага «В» у грэка-лацінскіх запазычаньнях ня водле лацінскага, а водле грэцкага спосабу вымаўленьня, напр.: «барбарства» — «варварства» (гук, перадаваны на пісьме «β» грэкі вымаўлялі як шчылінную звонкую губна-губную зычную, блізкую да нашага [в] (праўда, [в] мы вымаўляем як губна-зубную, а не як губна-губную), а лаціньнікі, запазычваючы грэцкія словы з такім гукам, схільныя былі ператвараць яго ў змычны звонкі губна-губны, тоесны з нашым [б]).

«Кляса», «плян» або «філялёгія» былі заменены «класам», «планам», «філалогіяй» праз тое, што, наколькі мне вядома, у цэнтральнай ды ўсходніх рэгіёнах Беларусі менавіта такая вэрсія вымаўленьня была растаўсюджана. Што тычыцца такіх слоў, як «барбарства» vs «варварства», дык гэта ня столькі русіфікацыя, колькі «грэцызацыя» (versus лацінізацыя) беларускай мовы. Нічога дэфармацыйнага ў гэтым, бадай, няма. «Грэцызаваныя» вэрсіі запазычаньняў на дадзены момант зьяўляюцца найбольш распаўсюджанымі ў грамадзтве, і я ня бачу тут ніякіх падставаў, каб іх цяпер «лацінізаваць». Дарэчы, многія прыхільнікі тарашкевіцы, захоўваючы «мяккія знакі», аддаюць перавагу рэфармаванай вэрсіі (4), як тое рабілі напр. беларускамоўныя каталіцкія выданьні да 1995 году або «Дзеяслоў» да канца 2007 г.

Паміж клясычнай і рэфармаванай беларускай мовай існуе яшчэ некалькі дробных разыходжаньняў, над якімі тут няма патрэбы доўга разводзіцца. Думаю, што ўсе заявы пра «дэфармацыйны характар» правапісу-33/57 прадыктаваны не лінгвістычнымі меркаваньнямі, а менавіта згаданым раней «пракляцьцем», якое мы эмацыйна накладваем на рэформу трыццатых і пяцідзясятых гадоў, а якое ўжо пара зьняць.

Заявы пра дэфармацыйны характар правапісу-33/57 прадыктаваны не лінгвістычнымі меркаваньнямі, а пракляцьцем, якое мы эмацыйна накладваем на рэформу трыццатых і пяцідзясятых гадоў, а якое ўжо пара зьняць.

2

Цяпер пара перайсьці да новае рэформы, якую нам зафундавала беларуская ўлада. Рэформа, ініцыяваная русіфікаванай нэасавецкай уладай, адбылася ў тыпова савецкім стылі – нерэпрэзэнтатыўная група заангажаваных спэцыялістаў, адсутнасьць публічнай дыскусіі, палітычная афарбоўка рэформы – і зьяўляецца чарговай спробай прынізіць адраджэнскае і дэмакратычнае асяродзьдзе. Але ў ацэнцы гэтае рэформы я прапаную падыход аналягічны да таго, што быў прадстаўлены вышэй у дачыненьні да рэформы-33/57, г.зн. абстрагавацца ад сымбалічна-культурнага кантэксту на карысьць лінгвістычнага.

Лінгвістычны аспэкт рэформы-2010 быў скрупулёзна прааналізаваны прафэсійным навукоўцам Зьміцерам Саўкам у супрацы зь Юрасём Бушляковым, Уладзімерам Вайсманам, Пётрам Садоўскім, Міхасём Скоблай і Ілонай Урбановіч-Саўкай. У працэсе аналізу было выяўлена нямала хібаў і непасьлядоўнасьцяў, спасярод якіх найбольш бянтэжыць тое, што спадар Саўка назваў «саветацэнтрызмам» і «русацэнтрызмам»: фармуляваньне артаграфічных ды пунктуацыйных правілаў водле ўзору аналягічных правілаў у расейскай мове, а таксама ігнараваньне не-савецкіх літаратурных твораў у працэсе нармаваньня тых ці іншых граматычных формаў. Іншай контравэрсійнай прапановай было т.зв. «татальнае аканьне», у выніку чаго павінны былі б паўстаць такія ненатуральныя формы, як «мавазнаўства» або непажаданыя розначытаньні, як «матаразборка».

Што тычыцца перагібу з аканьнем, дык ён, як можна меркаваць з чэрвеньскага артыкулу Ўладзіміра Здановіча ў «Звяздзе» , быў своечасова асэнсаваны распрацоўнікамі праекту, таму «татальнае аканьне» ўжо, здаецца, не пагражае нашай мове. «Савета-» ды «руса-цэнтрызм» у прыкладаў таксама часткова пераадолены пры дапрацоўцы – гэта была выключна даніна савецкай традыцыі, яна ніяк не адаб’ецца на моўнай практыцы.

Прапанаваная «Палатай» рэформа ў рэальнасьці ані не паляпшае, ані таксама значна не пагаршае ўнутраны стан белмовы. Рэальныя наступствы гэтай рэформы зводзяцца, бадай, толькі да аднаго слова, а дакладней, адной літары, а яшчэ дакладней, памеру адной літары. Якая павінна быць велічыня літары “п”, пасьля якой ідзе шэраг літараў «р-э-з-і-д-э-н-т»?

Тут мы падыходзім упрытык да палітычнага вымярэньня моўнай рэформы, ад якога нельга ўцячы. Тое, што рэформа мае перадусім палітычны характар, вельмі добра можна прачытваецца ў згадваным вышэй артыкуле таварыша Здановіча. «Мiкраскапiчная па колькасцi, апазiцыйна настроеная частка насельнiцтва, нягледзячы на непараўнальна большую колькасць людзей, выкарыстоўваючых афiцыйны правапiс, пачала выказваць патрабаванне вярнуцца да дарэформеннай арфаграфii, прычым пад лозунгам «хто не з намi, той — не сапраўдны беларус, вораг». У вынiку насельнiцтва пачало баяцца роднай беларускай мовы!» – піша дэпутат «Палаты», а крыху пазьней тое-сёе канкрэтызуе: «Наконт газеты «Наша нiва», часопiса «Археа» i iнтэрнэтнай Выкiпедыi, якiя беспадстаўна лiчаць сябе «культурным сымбалем i жывой традыцыяй беларусаў». Па-першае, тыраж азначаных выданняў вельмi ж нязначны, каб рабiць нейкiя выключэннi i з-за iх уносiць разнабой у правапiс цi захоўваць два яго варыянты. А па-другое...« А «па-другое» таварыш Здановіч паказаў сябе як выбітны экспэрт у галіне юрыспрудэнцыі (хто мае жаданьне, хай сам пачытае, у чым гэта праявілася), у той час, як «па-першае» выявіў перад публічнасьцю свае псыхалягічныя комплексы. Ну, далёка ня кожнаму чыноўніку дадзена адчуць сябе вялікім філёлягам і рэфарматарам, таму няма нічога дзіўнага што таварышу Здановічу захацелася ад вялікай радасьці паказаць язык «Нашай Ніве», «Археы» ды «Выкі»педыі.

Думаю, ня варта зважаць на правакацыйныя выказваньні чыноўніка і браць іх усур’ёз. Неразумным было б таксама ўзалежніваць сваю пазыцыю адносна «нэанаркомаўкі» ад велічыні літары «п» у слове «прэзыдэнт». Што тычыцца гэтага «п» то тут, канечне, паасобныя выданьні ці публіцысты мусяць самі для сябе вырашыць: ці байкатаваць гэты пункт рэформы, ці пасьлядоўна прытрымлівацца яго. Для разьвіцьця беларускай мовы гэта абсалютна ніякага значэньня ня мае. Пэўнае значэньне яно мае для палітычнага дыскурсу, але нават тут я схільны цьвердзіць, што гэта ўсяго толькі псэўдапраблема. Напісанае ў крытычным артыкуле слова «Прэзыдэнт» зь вялікай літары яшчэ больш дадасьць яму іранічнасьці, ну, а калі хтось пажадае байкатаваць тую вялікую літару, дык папросту паставіць чыноўнікаў у дурной сытуацыі. Усякі магчымы судовы працэс, зьвязаны з напісаньнем «прэзыдэнта» станецца, хутчэй за ўсё, сьмехатворным актам як унутры краіны, так і за яе межамі. (Заўважу, што нават напісаньне «папа рымскі» ўнутры Каталіцкага касьцёлу мае выбарачны характар (можна пісаць зь вялікай, а можна з малой літары), і гэта пры тым, што пасада рымскага патрыярха мае для каталікоў духоўна-рэлігійнае значэньне. На гэтым фоне выключнасьць беларускага Прэзыдэнта станецца папросту нагодай для новых анэкдотаў).

Урэшце, ёсьць яшчэ адзін варыянт: памяняць у 2010 г. прэзыдэнта, выбраць такога, які ня будзе крыўдзіцца за малую літару «п»...

* * *

Пашырэньне беларускай мовы не залежыць ад правапісу.

Усталяваньне адзінага варыянту мову, дзе ідэальная вэрсія мовы саступала месца рэальнай вэрсіі мае свае аналягі ў прасторы іншых культур. Андрэй Дынько згадваў сытуацыю Ўкраіны, дзе існаваў моўна-культурны падзел, аналягічны да нашага. І ўкраінскія адраджэнцы зрабілі выбар на карысьць украінскай «наркомаўкі». Ня менш павучальны ў гэтым пляне прыклад Грэцыі, якая ў ХІХ ст. запачаткава сэрыю нацыянальна-вызвольных рухаў. Там у ХІХ ст. зарысаваўся падзел на прыхільнікаў «народнай» мовы, званай дэмотыкэ і прыхільнікаў «клясычнай» грэцкае мовы, вэрсіі, якая павінна была быць максымальна набліжанай да мовы такіх творцаў, як Гамэр, Плятон ці Ксэнафонт. Перамагла дэмотыкэ, «менш ідэальная» вэрсія мовы, аддаленая ад мовы слаўных клясыкаў старажытнасьці і «засьмечаная» турэцкімі ды ўсякімі іншымі ўплывамі. Але затое хутка і пасьпяхова прыжылася. Выйгрыш ці пройгрыш?

Тое, ці аналягічная сытуацыя ў Беларусі станецца выйгрышам, ці пройгрышам, зусім не залежаць ад таго, ці будзем пісаць мяккі знак у слове «сьнег» альбо зьмякчаць «л» у слове «кляса». Не залежыць нават ад велічыні літары «п» у слове «прэзыдэнт». Залежыць жа перадусім ад таго, ці хопіць у нас «другога дыханьня», каб ісьці (а часам бегчы) супраць цячэньня і пашыраць абшары ўжытку беларускай мовы. А калі тарашкевічаўская вопратка занадта цесная для гэта мовы альбо нязграбна сядзіць на ёй, дык трэба не баяцца яе скінуць і здаць у музэй. Калі ў «наркомаўцы» ёсьць дзясятак ці два слоў або формаў, якія не адпавядаюць нашай мове, дык давайце будзем адкідваць гэтыя словы або формы, а не праклінаць усю моўную традыцыю en bloc, якая мае ўжо сваю гісторыю і сапраўды зьяўляецца даміноўнай у грамадзтве.