Апублікавана расследаванне пра таемную бізнэс-імперыю Дзмітрыя Мядзведзева — у яго знайшлі шыкоўныя сядзібы і яхты

03.03.2017 / 01:06

Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) апублікаваў расследаванне пра нерухомасць прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. У публікацыі распавядаецца пра некалькі маёнткаў у Расіі і за мяжой.

Адзін з дамоў, як сцвярджаюць у ФБК, ён атрымаў у дар ад прадпрымальніка Алішэра Усманава. Фармальна нерухомасць запісаная на дабрачынны фонд.

У ФБК сцвярджаюць, што Дзмітрый Мядзведзеў кантралюе некалькі дабрачынных фондаў, у якія пералічаны 70 мільярдаў расійскіх рублёў (за які перыяд, не ўдакладняецца). Па дадзеных супрацоўнікаў фонду, гэта, у тым ліку, хабар ад мільярдэраў Алішэра Усманава і Леаніда Міхельсона, а таксама грошы «Башнафты».

Акрамя таго, у расследаванні распавядаецца пра дзве яхты, якія былі прышвартаваныя ў рэзідэнцыі Мядзведзева ў Плёсе. Яхты аформлены на блізкую да Мядзведзева структуру.

Таксама, як сцвярджаюць у ФБК, у Мядзведзева ёсць вінаграднік у Італіі.

Дача ў Плёсе, сядзіба на Рублёўцы, падораная Усманавым, сакрэтная горная дача ў Псехака, зямля ва Утрышэ, Ольгінцы і падмаскоўнай вёсцы Маслава, анапскія вінаграднікі, палац графа, перароблены ў кватэры з аўтамабільнымі ліфтамі, агра-бізнэс і яхты — усё гэта абслугоўваецца з адзінага цэнтра.