Рассельгаcнагляд заявіў пра пагрозу забароны на ўвоз беларускага сыру

03.03.2017 / 08:34

Пастаўкі сыру некаторых беларускіх прадпрыемстваў у Расію могуць быць забароненыя. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелано.

Пад рызыку забароны патрапіла прадукцыя ААТ «Ашмянскі сыраробны завод» (філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат») і філіяла па вытворчасці сыроў ААТ «Рагачоўскі МКК». Рассельгаснагляд ўжо выявіў некалькі парушэнняў у іх прадукцыі.

У сырах вытворчасці гэтых прадпрыемстваў быў знойдзены кансервант натаміцын (Е235).

У сырах «Ашмянскага сыраробнага завода» ён быў знойдзены ў канцэнтрацыі, якая перавышае норму. У сырах «Лідскага малочна-кансервавага камбіната» ўзровень яго ўтрымання быў у норме, але сама яго прысутнасьць не ўказвалася на этыкетцы. У выніку, супраць прадукцыі гэтых прадпрыемстваў ведамства ўвяло рэжым ўзмоцненага лабараторнага кантролю.

«Калі ў рэжыме ўзмоцненага кантролю яшчэ хоць раз будуць выяўленыя парушэнні, мы будзем падымаць пытанне аб забароне паставак з гэтых прадпрыемстваў. Альбо прасіць беларускі бок ўвесці самаабмежаванне», - паведаміла Мелано.