Стала вядома, хто падпісаў дакумент аб змене ахоўных межаў Курапатаў
07.03.2017 / 14:35
На ток-шоу «Справа прынцыпу» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк рэзка выказваецца пра змену ахоўных зон мемарыяла «Курапаты» ў 2014 годзе. З-за гэтага вакол будоўлі каля мемарыяла ўзніклі пратэсты актывістаў і мясцовых жыхароў, якія доўжыліся 15 дзён.
Дэпутат прапануе Следчаму камітэту разабрацца, чаму змяніліся ахоўныя зоны.
«Тут ёсць прамая віна Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе была зацверджаная ахоўная зона вакол урочышча Курапаты. З улікам праведзеных афіцыйных праверак, археалагічных раскопак былі высветленыя межы гэтай зоны. Яны былі афіцыйна зацверджаныя пастановай Савета міністраў. У мяне проста пытанне: колькі каштавала памяняць межы ахоўнай зоны? Я не веру ў альтруізм. Я думаю, што гэта пытанні да Следчага камітэта», — рэзюмуе дэпутат.
Пастанову Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года аб зацвярджэнні ахоўных зон падпісвала намесніца міністра Ірына Дрыга. А кіраваў ведамствам у тыя часы ўжо цяперашні міністр Барыс Святлоў, напісала Еўрарадыё.
Фота Радыё Свабода