Нарэшце «Новы час» можна будзе набыць у шапіках і падпісацца на пошце
21.03.2017 / 22:41
РУП «Белсаюздрук» пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку нарэшце падпісаў дамову на распаўсюд газеты «Новы час» праз сваю гандлёвую сетку.
Ужо 8 красавіка жыхары Мінска і Мінскай вобласці змогуць набыць газету ў бліжэйшай краме ці шапіку «Белсаюздруку». Як абяцае кіраўніцтва гэтай установы, газету можна будзе набыць практычна ў кожнай гандлёвай кропцы. Таму мы заклікаем нашых чытачоў спраўджваць гэту інфармацыю і паведамляць у рэдакцыю пра адсутнасць газеты ў продажы.
Рады таксама паведаміць, што на другое паўгоддзе 2017 года можна будзе падпісацца на «Новы час» праз каталог РУП «Белпошта». Пра намер заключыць адпаведную дамову паведаміла і гэта ўстанова.
Падпісны індэкс і пра ўмовы падпіскі будзе паведамлена дадаткова.