Прэзідэнт Літвы: Рашэнне Польшчы пацвярджае небяспеку БелАЭС для рэгіёну

22.03.2017 / 08:53

Рашэнне Польшчы не купляць электраэнергію Астравецкай АЭС (БелАЭС) пацвярджае рацыю Літвы з нагоды таго, што гэтая станцыя ўяўляе пагрозу для ўсяго рэгіёну, заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

«Гэтая навіна з'яўляецца для нас важнай і вельмі пазітыўнай таму, што адказвае і нашай пазіцыі, і разуменню пагроз, якія прадстаўляе АЭС у Астраўцы. Вельмі важна, што гэта робіць адна з найбуйнейшых краін, якая магла стаць патэнцыйным пакупніком электраэнергіі, чаго дамагаліся Расія і Беларусь», — заявіла ў аўторак у Вільні журналістам Даля Грыбаўскайце.

Паводле яе слоў, намеры Польшчы і Літвы не купляць электраэнергію з АЭС у Астраўцы — гэта вялікі ціск на будучыню гэтай станцыі. «У што гэта ператворыцца — завершыцца ці будаўніцтва гэтай станцыі, ці проста будзе спынены доступ гэтай электраэнергіі да еўрапейскіх ЛЭП — магчыма час пакажа. Але тое, што мы атрымалі яшчэ адну краіну, якая падтрымлівае нашу пазіцыю, яшчэ раз пацвярджае і нашы словы пра тое, што гэтая атамная станцыя з'яўляецца пагрозай не толькі для Літвы, але і для ўсяго рэгіёну», — сказала прэзідэнт краіны.