Мужчына спачатку паскардзіўся ў ДАІ на парушальніка паркоўкі, затым — прабіў машыне ўсе колы

22.03.2017 / 14:23

Жыхар Гомеля абурыўся тым, як каля аднаго з дамоў па вуліцы Пенязькова была прыпаркаваная Honda Civic. Мужчына спачатку патэлефанаваў у ДАІ, а затым — прабіў у аўтамабілі ўсе колы. Пра гэта паведамілі ва УУС Гомельскае вобласці.

28-гадовы мужчына, які адзначаў гадавіну свайго вяселля, абурыўся тым, як была прыпаркаваная Honda Civic з расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі. Ён патэлефанаваў у ДАІ. Інспектары, што прыбылі на месца выкліку, устанавалі гаспадара машыны, склалі на яго адміністрацыйны пратакол і папрасілі перапаркаваць аўтамабіль згодна з ПДР.

— Здавалася, справядлівасць перамагла. Аднак гамяльчанін, вярнуўшыся ў кватэру, палічыў, што «выхаваўчы» эфект атрымаўся нейкім малазначным і вырашыў яго ўзмацніць. У 21.30 ён выйшаў на двор і адвёрткай пракалоў усе чатыры колы Honda, — сказалі ў міліцыі.

Гаспадар аўтамабіля (жыхар суседняга пад'езда, які нядаўна набыў аўтамабіль у РФ) на наступны дзень звярнуўся з заявамі ў РАУС. Міліцыянты аператыўна высветлілі асобу хулігана. У дачыненні да мужчыны завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 КК Беларусі (Хуліганства).