Паліцыя Лондана: напад ля парламента быў натхнёны ісламісцкім тэрарызмам

23.03.2017 / 08:25

Лонданская паліцыя мяркуе, што выканаўца тэракту ля парламента Вялікабрытаніі дзейнічаў пад уплывам міжнароднага тэрарызму. Пра гэта заявіў памочнік камісара Скотланд-Ярда Марк Роўлі.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне журналіста, ён заявіў, што гаворка ідзе пра «звязаны з ісламізмам» тэрарызм.

Роўлі пацвердзіў, што паліцыя ўстанавіла асобу нападніка, але адмовіўся паведаміць якія-небудзь падрабязнасці.

***

22 сакавіка невядомы мужчына на машыне збіў некалькіх пешаходаў на Вестмінстэрскім мосце ў Лондане і каля будынка парламента, пасля чаго напаў з нажом на паліцэйскага. Па меншай меры чатыры чалавекі, у тым ліку паліцэйскі, загінулі. Пацярпелі каля 40 чалавек; сярод іх ёсць замежнікі і дзеці.

Нападнік быў застрэлены. У паліцыі заявілі, што яго асоба ўстаноўлена, аднак яго імя пакуль не паведамлялася.