Шэйман ляціць ў Вэнэсуэлу

У найбліжэйшыя дні беларуская дэлегацыя на чале з сустаршынём беларуска-вэнэсуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню Віктарам Шэйманам накіруецца ў Каракас.

01.08.2008 / 09:40

У найбліжэйшыя дні беларуская дэлегацыя на чале з сустаршынём беларуска-вэнэсуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню Віктарам Шэйманам накіруецца ў Каракас.

Як паведаміў пасол Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес, візыт арганізаваны па ініцыятыве беларускага боку. Урад Беларусі мае намер прапанаваць шэраг праектаў. Вэнэсуэльскі дыплямат удакладніў, што не валодае інфармацыяй аб зьмесьце праектаў. Паводле слоў Амэрыка Дыяса Нуньеса, заплянаваны сустрэчы з міністрам энэргетыкі і нафты, міністрам замежных спраў, віцэ-прэзыдэнтам краіны, а таксама прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам. Візыт прадоўжыцца каля тыдня.

Варта зазначыць, што пасьля завяршэньня візыту ў Менск Уга Чавэса В.Шэйман заявіў: «Прапрацоўваюцца пытанні аб ажыццяўленні новых паставак беларускай тэхнікі ў Венесуэлу».

Нагадаем, што ў траўні Інтэрпол пацьвердзіў сапраўднасьць ноўтбука з электронным лістом лідэра калюмбійскіх партызанаў, у якім той гаворыць, што вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс спрабуе ўзброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі.

Гішпанская El Pais сьцьвярджала, што найлепшым сябрам калюмбійскіх партызанаў мог аказацца ўжо былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман. Менавіта ён быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра.