Зарамбюка дапыталі па справе выбуху 4 ліпеня

«Яшчэ былі пытаньні ці чуў я што-небудзь пра выбух у нейкім мястэчку Н. і пра знаходку ў Горадні гранатамёту ў 2006 годзе», – кажа А.Зарамбюк.

01.08.2008 / 16:24

Сёньня ў шчучынскім міжрэгіянальным аддзеле КДБ адбыўся допыт актывіста апазыцыі з Мастоў Алеся Зарамбюка.

Сьледчага КДБ Івана С. цікавіла, дзе знаходзіўся Алесь 3 ліпеня, у ноч на 4 ліпеня, а таксама ўдзень 4 ліпеня. І ці ёсьць сьведкі, якія могуць гэта пацьвердзіць. «Ён пытаўся, калі да выбуху апошні раз быў у Менску і зь якіх мэтаў. Ці ведаю я кагосьці, хто ўмее рабіць выбухоўку, ці служыў я ў войску. Яшчэ былі пытаньні ці чуў я што-небудзь пра выбух у нейкім мястэчку Н. і пра знаходку ў Горадні гранатамёту ў 2006 годзе. Чэкісты вялі сябе досыць карэктна», – кажа А. Зарамбюк.

Апытаньне працягвалася каля гадзіны. Напрыканцы Алесю Зарамбюку прапанавалі зьняць адбіткі пальцаў, але хлопец адмовіўся.

Зьміцер Панкавец