На ўзбочыне кальцавой сутыкнуліся тры двухколавыя
Першы скутэрыст вырашыў уплішчыцца справа ад раварыста, які і так ехаў па ўзбочыне, ды калі пад’ехаў, раварыст таргануўся ўправа. Раварыст паваліўся, скутэрыст не пасьпеў спыніцца, як на яго наляцеў сябрук-скутэрыст, які ехаў ззаду.
01.08.2008 / 17:37
Два скутэрысты, адзін за адным ехалі па ўзбочыне менскай кальцавой з хуткасьцю каля 45 км/г — за сьпіной другога сядзела пасажырка. Пярэдні скутэрыст пабачыў раварыста й вырашыў апярэдзіць яго справа.
У той момант, калі скутэр пад’ехаў справа, раварыст таксама ўзяў правей і адбылося сутыкненьне, паведамляе «СБ-Беларусь Сегодня».
— Каб аказаць неабходную дапамогу пацярпеламу, кіроўца скутэра спыніўся, — дзеліцца падрабязнасьці не зусім звычайнага выпадку інспэктар аддзелу агітацыі й прапаганды Менскай ДАІ Юры Красноў. — І ў гэты момант у яго ўразаецца другі скутэр, кіроўца якога больш за ўсіх і пацярпеў: хлопца зьмясьцілі ў бальніцу. Па ідэі, раварыст ня мае рацыі ў тым, што пайшоў на манэўр. не параканаўшыся ў ягонай бясьпецы, а кіроўцу першага скутэра варта было папярэдзіць пра свае намеры раней. Кіроўца ж другога скутэра няслушна выбраў хуткасны рэжым. Ехаў бы марудней — пасьпеў бы зарыентавацца ў сытуацыі й унікнуць сутыкненьня. Зрэшты, віноўніка выявіць сьледзтва.
На шчасьце, усе астатнія ўдзельнікі аварыі абышліся драпінамі й парэзамі.