Наш дальнабойшчык паставіў рэкорд Аўстрыі па выпітым алькаголі

Паліцыянты дагэтуль ня маюць лягічнага тлумачэньня, як мужчына мог увогуле кіраваць машынай на такім складаным кавалку дарогі. Звычайны чалавек, столькі выпіўшы, траціць прытомнасьць.

01.08.2008 / 18:11


Аўстрыйскія даішнікі параўналі беларускі грузавік з бомбай на колах.

Супрацоўнікі дарожнай паліцыі акругі Імст, што ў фэдэральнай аўстрыйскай зямлі Тыроль, параўналі ўбачаную імі беларускую фуру з бомбай на колах. Поўная грузу машына рабіла на трасе сапраўдныя «васьмёркі». Калі фуру ўдалося спыніць і адчыніць кабіну кіроўцы, паліцыянты пачулі моцны пах алькаголю.

Як вынікае з паліцэйскай хронікі, паліцыянты зь Імсту бачылі ў сваёй практыцы нямала, але такі выпадак падаўся ім беспрэцэдэнтным.

Як паказаў адмысловы тэст, 47‑гадовы беларус меў амаль 3 праміле алькаголю ў крыві, што адпавядае прыкладна 600 грамам гарэлкі, выпітай чалавекам сярэдняга веку і целаскладу. Дапушчальная ў Аўстрыі норма 0,5 праміле. У іншых краінах ЭЗ такі нарматыўны паказчык вагаецца паміж 0,2 і 0,8 праміле.

Паводле супрацоўнікаў службы дарожнага руху, колькасьць алькаголю ў крыві беларуса — абсалютны рэкорд для дарог Аўстрыі.

Паліцыянты дагэтуль ня маюць лягічнага тлумачэньня, як мужчына мог увогуле кіраваць машынай на такім складаным кавалку дарогі. Як сьведчаць лекары, чалавек у такім стане звычайна траціць прытомнасьць.

П’янага кіроўцу аштрафавалі на 1500 эўра і пазбавілі правоў.

Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Беларус пераблытаў накірунак на нямецкім аўтабане