Пуцін пра мітынгі супраць карупцыі: Акцыі пратэсту прывялі да Майдану і «арабскай вясны»

30.03.2017 / 17:14

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кажучы аб затрыманнях удзельнікаў антыкарупцыйнай акцыі апазіцыі 26 сакавіка, нагадаў, што менавіта несанкцыянаваныя акцыі пратэсту прывялі да перавароту ва Украіне ў 2014 годзе. Ён таксама згадаў падзеі «арабскай вясны», піша ВВС.

«Лічу няправільным, калі нейкія палітычныя сілы спрабуюць выкарыстаць гэта не для паляпшэння сітуацыі, а для самараскруткі напярэдадні палітычных падзей», — сказаў прэзідэнт Расіі ў ходзе Арктычнага форуму ў Архангельску.

Пуцін падкрэсліў, што Расія паслядоўна змагаецца з карупцыяй і нагадаў, што Захад крытыкуе расійскія затрыманні «на фоне распраў паліцыі ў Парыжы з дэманстрантамі ў сувязі з забойствам аднаго з грамадзян — француза кітайскага паходжання — проста ў яго дома».

Паводле яго слоў, барацьба з карупцыяй павінна весціся, але грамадзяне не павінны выкарыстоўвацца «у вузкакарыслівых палітычных мэтах».

«Усе павінны дзейнічаць у ходзе палітычных працэсаў у рамках закона. Усе, хто выходзіць за рамкі гэтага закона, павінны несці пакаранне ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам», — заявіў Пуцін.

nn.by