Шкода есьці
Каманда пекараў вырашыла пакпіць з аўтамабілебудаўніцтва й стварыла свой варыянт новай «Шкоды Фабіі» — ядомы.
05.08.2008 / 13:57
На гэты «Шкода‑торт» ў кандытараў пайшло 100 кіляграмаў мукі й столькі сама цукровай пудры, 180 яек, 30 кг міндалю, 65 кг цукатаў і мора шакаляду.
Адметна, што майстры ня сталі хаваць рэцэпт ласунку й кожны ахвотны можа крыху разнастайніць свой дэсэрт.
Такім чынам,
1. Разьбіце 180 яек, высыпце па 10 кг мукі й цукровай пудры й старанна разьмяшайце.
2. Пакладзіце ў чан шакаляд, дадайце 30 кіляграмаў міндалю, 65 кг цукатаў і ўзьбіце шакалядны соўс — гэта для пакрыцьця кузава аўтамабіля.
3‑4 Дадайце ў тэста «Мадэйру» й выпякайце каржы для шасі аўтамабіля.
5‑6 Злучыце выпечаныя каржы з дапамогай загадзя астуджанага масьлянога крэму й сфармуйце «цела» аўтамабіля.
7. Калі вы хочаце, каб ваш «рухавік» «зашаптаў», дадайце ў матор у якасьці змазкі 300 грамаў сыропу.
8. Аматары лякрыцы могуць выкарыстаць яе для стварэньня дворнікаў на ветравой шыбе ды антэны.
9. Вельмі ўважліва пастаўцеся да майстраваньня кожнага ніта й сьвечак запальваньня.
10. Нанясіце на «аўтамабіль» пакрыцьцё — астуджаную памадную масу, афарбаваную 180 кіляграмамі памаранчавай цукровай пасты, перад гэтым раскатанай у тонкія пласты.
11. Зараўнуйце пласты, ствараючы кузаў.
12. З дапамогай кулінарнага шпрыца нанясіце ружачкі з жэле на панэль кіраваньня.
13. Пастаўце радыятары з 60 шакалядных блёкаў, фары зь ледзяшоў і процітуманныя фары зь безэ.
14. Для стварэньня шынаў скарыстайцеся шакалядным соўсам, астуджаным настолькі, каб трымаць форму.
15. Устаўце «габарытныя агні» з жэле.
16. І нарэшце дадайце эмблему «Шкоды».
Матор, дарэчы, рэкамэндуецца есьці асобна ад аўтамабіля.