Прыднястроўе прызнала «дзяржаўным» расійскі сцяг
13.04.2017 / 11:49
Вярхоўная рада непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі прыняла «законапраект», паводле якога расійскі сцяг стаў другім «дзяржаўным» у рэгіёне. Пра гэта паведамляе Укрінфарм.
Як падкрэсліваецца ў тлумачальнай запісцы да «законапраекта», выкарыстанне дзяржаўнага сцяга Расіі на тэрыторыі Прыднястроўя «звязана з імкненнем жыхароў рэгіёну далучыцца да РФ на падставе вынікаў рэферэндуму 2006 года».
На думку аўтараў «законапраекта», выкарыстанне расійскага сцяга «стане важным стымулам для далейшай эканамічнай і палітычнай інтэграцыі з РФ».
Такім чынам, з гэтага часу на ўсіх «дзяржаўных» установах рэгіёну будуць вывешаны два сцягі — расійскі і прыднястроўскі. Сцяг Прыднястроўя будзе размешчаны злева ад будынкаў, а расійскі — справа.
Афіцыйны Кішынёў пакуль ніяк не пракаментаваў рашэнне ўладаў непрызнанага Прыднястроўя.