У Скідзелі п'яныя хлопцы выбралі кіроўцу, згуляўшы ў «камень, нажніцы, папера»

18.04.2017 / 16:32

У Скідзелі ў поле зроку інспектараў ДАІ трапіў аўтамабіль «Кіа» з кампаніяй маладых людзей у салоне, паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Утрыманне алкаголю ў крыві ў кіроўцы перавышала дапушчальную колькасць амаль у дзесяць разоў.

«Кампанія сабралася ва ўладальніка машыны: выпіўшы каньяку, гарэлкі і піва, маладыя людзі вырашылі паехаць у бар. Аднак уласнік «Кіа» раней быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы на чатыры гады. Каб вырашыць, каму сядаць за руль, маладыя людзі згулялі ў «камень, нажніцы, папера», — распавялі ў ДАІ. Выйграў хлопец, які пасведчання ніколі не меў.

На яго складзены пратакол за нецвярозую язду, а ўладальнік машыны будзе прыцягнуты да адказнасці за перадачу кіравання.