Цяцерын, Захараў, Корбут і Ксенія Санковіч — «брыгада» Лукашэнкі на суботніку ФОТЫ
23.04.2017 / 01:00
Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка ўдзельнічаў у будаўніцтве Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.
Самы запамінальны момант — сумесная пераноска бервяна брыгадай Лукашэнкі.
Фота president.gov.by
Наперадзе ішоў Мікалай Лукашэнка, услед за ім Аляксандр Лукашэнка, а пасля — тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, хакейны трэнер Міхаіл Захараў і іншыя.
Звярніце ўвагу на двух ахоўнікаў, якія суправаджалі працэсію. Яны справа, ў кепках з выявай герба, а не ў касках.
Міхаіл Захараў.
Сяргей Цяцерын і Мікалай Корбут.
Асаблівая ўвага падчас суботніка надзялялася былой гімнастцы Ксеніі Санковіч.
Калі будаўнікі прапанавалі прызначыць здачу ў эксплуатацыю Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі на 8 сакавіка 2018 года, Лукашэнка развярнуўся менавіта да Санковіч: маўляў, згодная? Тая какетліва пагадзілася. «Корбут [афіцыйны памочнік прэзідэнта — Рэд.], Санковіч, на кантроль», — падсумаваў Лукашэнка.
Глядзець з 3:30
Санковіч працавала ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, аднак нядаўна сышла ў дэкрэтны адпачынак. Некалькі месяцаў таму ў яе нарадзілася дачка.
Гімнастка не першы раз з'яўляецца ў бліжэйшым атачэнні Лукашэнкі. Раней меркавалася, што яна аказвалася там як спадарожніца мільянера Юрыя Чыжа. Аднак той пасля заведзенай крымінальнай справы выпаў з абоймы, а вось Санковіч — засталася.