Журналісты з вайны не вярнуліся
У зоне грузіна‑асецінскага канфлікту загінулі тры журналісты. Аляксандра Клімчука і Грыгола Чыхладзэ застрэлілі асяціны на блок-пасьце ў першы ж дзень, нідэрляндзкі апэратар загінуў ад расейскай бомбы ў Горы ў аўторак.
12.08.2008 / 10:07
У зоне грузіна‑асецінскага канфлікту загінулі два журналісты. Аляксандра Клімчука і Грыгола Чыхладзэ застрэлілі ў першы ж дзень. Яшчэ сем карэспандэнтаў расейскіх і замежных СМІ параненыя.
Аляксандар Клімчук і Грыгол Чыхладзэ (першы стала працаваў у інфармагенцтве Caucasus Press Images, другі — на тэлеканале «Паўднёвая Асеція», аднак абодва шчыльна супрацоўнічалі з расейскімі выданьнямі і інфармагенцтвамі) выехалі ў Паўднёвую Асецію разам з калёнай грузінскіх вайскоўцаў.
«Яны ці то адсталі ад грузінскіх вайскоўцаў, ці то заблукалі, і выскачылі на асецінскі пост, — расказаў у нядзелю ў этэры «Эхо Москвы» карэспандэнт «Рускага Newsweek» Архан Джэмаль. — Пасьля чаго яны паспрабавалі зьехаць ад апалчэнцаў, але іх абстралялі». Паводле словаў Джэмаля, разам з забітымі ехаў амэрыканскі карэспандэнт Уінстан Фэдэрлі і яго грузінскі перакладчык Тэймураз Кікурадзэ.
Агонь па машыне асецінскія апалчэнцы адкрылі пасьля таго, як пачулі вітаньне па‑грузінску. Калі пачалася страляніна, людзі, што былі ў машыне, пачалі гукаць па‑расейску, і агонь спыніўся. Усіх чатырох з кулявымі раненьнямі перавезьлі ў шпіталь у Цхінвалі. У бальніцы Клімчук і Чыхладзэ памерлі. Фэдэрлі і Кікурадзэ ўдалося выратаваць.
У ліку ахвяраў бамбёжкі ў Горы ў аўторак аказаўся нідэрляндзкі апэратар Стан Сторыманс. Расейская бомба трапіла ў будынак мясцовага мэдыяцэнтру, дзе працавалі ў тым ліку замежныя журналісты. Ягоны калега Ерун Акерманс быў паранены.