БХД зьбірае подпісы за 8 кандыдатаў
12.08.2008 / 10:16
Члены аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), якія прэтэндуюць на месца ў парламенце як кандыдаты ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС), сабралі больш за 12 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэта Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, беларускія хрысціянскія дэмакраты, якія ўваходзяць ў адзіны спіс АДС, маюць сваіх прадстаўнікоў па васьмі акругах. Гэта Дзяніс Садоўскі (103-я Масюкоўшчынская акруга), Віталь Рымашэўскі (105-я Старавіленская), Віктар Янчурэвіч (108-я Каліноўская), Аляксей Александровіч (23-я Лепельская), Таццяна Севярынец (17-я Віцебская-Горкаўская), Зміцер Кухлей (56-я Мастоўская), Кастусь Жукоўскі (38-я Буда-Кашалёўская), а таксама Таццяна Шамбалава, якая далучылася да перадвыбарнай кампаніі па 87-ай Прамысловай акрузе ў Магілёве пасля таго, як адзін з кандыдатаў зняў сваю кандыдатуру.
П. Севярынец звярнуў ўвагу на тое, што ў выпадку нерэгістрацыі хаця б аднаго з хрысціянскіх дэмакратаў на парадак дня аргкамітэта БХД будзе пастаўлена пытанне аб зняцці ўсіх кандыдатаў і байкоце выбараў.