Шукаюць прычынаў, чаму АЭС быць расейскай
12.08.2008 / 10:20
8 жніўня на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Груша звярнуў увагу на праблему пры будаўніцтве кампаніяй «Арэва» атамнай станцыі ў Фінляндыі. Яна звязана з зацягваннем тэрмінаў будаўніцтва больш чым на два гады. М. Груша таксама заўважыў, што Францыя даўно не будавала станцыі за мяжой і ў сябе ў краіне атамныя рэактары.
Раней М. Груша казаў пра тое, што франка-германская група будуе рэактары большай магутнасці, чым трэба Беларусі. У беларускім праекце прадугледжана будаўніцтва двух блокаў па 1 тыс. МВт кожны. «Арэва» прапануе энергаблокі па 1,4—1,6 тыс. МВт. На думку М. Грушы, такая магутнасць «не ўпішацца» ў беларускую энергасістэму. Да таго ж «Арэва» прапануе блокі чацвёртага пакалення, Беларусі — патрэбны трэцяга.
«Арэва» зрэагавала на тое, адказаўшы, што мае распрацоўкі і рэактараў меншае магутнасьці.
Стала вядома таксама, што свае паслугі Беларусі прапанавала і кітайская кампанія, якая будуе кітайскія АЭС па французскіх, амерыканскіх і расейскіх тэхналогіях.
Тым часам кіраўнік Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што пры выбары падрадчыка будзе аддавацца перавага таму, хто прапануе ўласнае фінансаванне праекту. Ён зазначыў, што размова можа ісці не толькі аб крэдыце. «Гэта могуць быць розныя схемы суфінансавання: разлікі электраэнергіяй, узаемныя паслугі і г.д.», — сказаў кіраўнік НАНБ.
У сваю чаргу намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што толькі расійская карпарацыя «Расатам» у сваім адказе на прапанову аб будаўніцтве АЭС прапанавала Беларусі «прапрацаваць пытанне аб фінансаванні гэтага праекта».