Дэмакратыя па-рэчыцку
12.08.2008 / 10:23
11 жніўня пенсіянер Леанід Невар, які мае намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44, накіраваў скаргу ў ЦВК наконт апублікавання аб ім у мясцовых газетах недакладных звестак.
Як паведаміў БелаПАН Л. Невар, у рэчыцкіх газетах «Дняпровец» і «Телевид» у адпаведнасці са звесткамі работнікаў акруговай выбарчай камісіі было надрукавана, што ён з'яўляецца беспрацоўным. «Я ўжо другі год пенсіянер, пра што і паведамляў у камісію. Звесткі ж аб тым, што я беспрацоўны, дыскрэдытуюць мяне перад патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. Таму я прашу Цэнтральную выбарчую камісію разабрацца ў гэтай сітуацыі, а таксама патрабую ад рэдакцыі газет апублікаваць абвяржэнне гэтых звестак», — падкрэсліў пенсіянер.
Паводле слоў Л. Невара, «дырэктар прадпрыемства «Рэчыцадрэў» запатрабаваў ад супрацоўнікаў, якія падпісаліся за мяне, тлумачальныя запіскі».
Усяго Л. Невар сабраў 1200 подпісаў.