Лукашэнка: Пачынаем капітальную ўстраску сферы спорту. Мы не можам далей трываць гэта

12.05.2017 / 15:17

Сферу спорту ў Беларусі чакае сур'ёзнае перафарматаванне. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, даючы згоду на прызначэнне Сяргея Рэпкіна рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў станоўчую тэндэнцыю, што ў краіне ўсё больш людзей пачынаюць займацца масавым спортам.

— Але, на жаль, спорту высокіх дасягненняў менш стала. Вось у чым уся праблема. Сёння спартыўныя спаборніцтвы на чэмпіянатах свету, Еўропы — гэта не гульня. Гэта нават не змаганне. Гэта — бітва. Іншага не дадзена, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны чарговы раз выказаў долю крытыкі з нагоды якасці і вынікаў гульні беларускіх хакеістаў.

— Вы павінны ведаць, што мы пачынаем сур'ёзнае перафарматаванне, калі не капітальную ўстраску, усёй сферы спорту. Мы не можам далей трываць гэта, — падкрэсліў беларускі лідар.