Суд у Азербайджане заблакаваў сайт «Радыё Свабода»
12.05.2017 / 17:19
Суд у Баку прыняў рашэнне заблакаваць ў Азербайджане сайт Азербайджанскай службы «Радыё Свабода» («Азадлыг») і сайты яшчэ чатырох СМІ, паведамляе ВВС.
Акрамя «Свабоды» пад забарону патрапілі газета «Азадлыг», і тэлеканалы, якія вяшчаюць у інтэрнэце — «Мэйдан ТБ», «Туран ТБ» і «Азербайджан сааты».
Гэтыя сайты змогуць працягваць дзейнасць пад новымі даменнымі імёнамі, рашэнне суда тычыцца толькі старых адрасоў.
Судовае рашэнне было прынятае на падставе звароту міністэрства транспарту, сувязі і высокіх тэхналогій.
У міністэрства ў сваю чаргу звярнулася генеральная пракуратура краіны: сайты абвінавачваюцца ў спробах арганізаваць масавыя беспарадкі, а таксама ў «дэструктыўных дзеяннях, накіраваных на парушэнне грамадскай стабільнасці».
Акрамя таго, улады абвінавацілі сайты, якія трапілі пад забарону, у падтрымцы радыкальных рэлігійных груп і размяшчэнні забароненай інфармацыі, а таксама «ў падрыве інтарэсаў дзяржавы і грамадства».
СМІ, чые сайты былі забароненыя, адпрэчваюць гэтыя абвінавачванні.
Блакаванне мае пастаянны характар і можа быць знятае толькі па рашэнні міністэрства сувязі.