У Магілёве па падазрэнні ў карупцыі затрыманы супрацоўнік «Бабулінай крынкі»
25.05.2017 / 21:21
У Магілёве супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама затрымалі дваіх магілёўцаў: службовую асобу ААТ «Бабуліна крынка» і прадстаўніка камерцыйнай структуры, якія падазраюцца ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.
«У сакавіку 2014 года супрацоўнік «Бабулінай крынкі» за кошт уласных сродкаў з карыслівай зацікаўленасці ў саўдзеле з прадстаўніком магілёўскай камерцыйнай структуры арганізаваў пастаўку па завышаным кошце сепаратара-малакаачышчальніка для цэха дзіцячага харчавання прадпрыемства» — паведаміў начальнік УБЭП УУС падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Шчадракоў.
Змоўшчыкі дакументальна аформілі пастаўкі абсталявання праз шэраг пасрэдніцкіх камерцыйных структур, у выніку чаго яго рынкавы кошт быў завышаны амаль на 30 000 рублёў.
Праваахоўнікі лічаць, што гэты факт злачыннай дзейнасці — не адзінкавы, і як мяркуецца, агульная сума шкоды прадпрыемству можа скласці больш за 700 000 рублёў
У дачыненні да падазраваных распачатая крымінальная справа. Пакаранне за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. Падазраваныя ўзятыя пад варту.