Колькасць ахвяр выбуху ў Кабуле перавысіла 80 чалавек

31.05.2017 / 12:48

У сталіцы Афганістана Кабуле сёння прагрымеў магутны выбух. Паводле паведамленняў паліцыі, ён адбыўся ў цэнтральнай частцы горада недалёка ад замежных пасольстваў і прэзідэнцкага палаца.

«Гэта быў начынены выбухоўкай аўтамабіль каля нямецкай амбасады, аднак побач ёсць і іншыя важныя ўстановы. Цяжка сказаць, што было мэтай [нападу]», — цытуе Рэйтэр прадстаўніка кабульскай паліцыі.

Паводле апошніх звестак, загінулі прынамсі 80 чалавек. Колькасць параненых перавысіла 300 чалавек.

Як паведамляе нямецкае агенцтва DPA, сярод пацярпелых ёсць супрацоўнікі нямецкай дыпмісіі, адзін з ахоўнікаў пасольства загінуў.

Выбух быў такой магутнасці, што пашкодзіў дамы на адлегласці некалькіх сотняў метраў.